Трохдзённая сустрэча сэрцанскай моладзі прайшла ў Паставах

28 сакавіка 2025 года распачалася трохдзённая сустрэча сэрцанскай моладзі пад дэвізам «Слядамі шаноўнага Слугі Божага Яна Леона Дэона».

У першы дзень удзельнікі маліліся супольным Крыжовым шляхам, а потым удзельнічалі ў Ахвяры св. Імшы, пазней выслухалі канферэнцыю, якую прамовіў кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ. У сваёй прамове святар закрануў тэму выхавання сэрцанскай моладзі. Праца ў групах аб’яднала хлопцаў і дзяўчат і дапамагла ў крэатыўны спосаб паглыбіць тэму спаткання. На заканчэнне першага дня быў прагляд фільма, які дапамог пераасэнсаваць прыярытэты ў нашым жыцці.

29 сакавіка — другі дзень сэрцанскай сустрэчы — быў напоўнены глыбейшым пазнаннем сябе, працай над сабой і малітоўным даверам да Бога. Супольная Ютрань аб’яднала ў брэвіярыйнай малітве з усім касцёлам, а пасля была духоўная майстэрня. Кульмінацыяй дня была св. Імша, пасля якой моладзь выслухала канферэнцыю кс. Эдуарда Сінкевіча SCJ на тэму міласэрнага Бога і Божай бязмежнай любові. Забавы і гульні былі карысным часам адпачынку пасля духоўнай сілоўні. Закончылі дзень у прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага, адаруючы і складаючы свае зраненыя сэрцы ў Сэрца Езуса.

Трэці і апошні дзень сустрэчы распачаўся з супольнай малітвы Ютрані, а пазней было інтэрв’ю, якое даў кс. Аляксей Венцкевіч SCJ на тэму сэрцанскага жыцця ў святле жыцця шаноўнага Слугі Божага Яна Леона Дэона. Пасля гэтага ўсе прынялі ўдзел у святой Імшы разам з мясцовымі парафіянамі.

На заканчэнне сустрэчы маладых удзельнікаў перапаўнялі эмоцыі ад радасці духоўнай працы ў супольнасці, але таксама жалю і слёз раставання!

кс. Аляксей Венцкевіч SCJ, тэкст
Фота ўдзельнікаў

для друку для друку