“Святы Прастол” ці “Святы Пасад”?

vatican-bankПрактыка паказвае, што абодва назоўнікі – прастол і пасад – выкарыстоўваюцца сёння ў беларускай літаратурнай мове са значэннем “месца знаходжання іерарха Каталіцкага Касцёла” або “высокі чатырохвугольны стол пасярод алтара, за якім святар адпраўляе набажэнства”. Аднак не выпадае лічыць ужыванне названых лексем у аднолькавай ступені мэтазгодным з пункту гледжання культуры мовы, з боку адметнасці беларускай лексічнай сістэмы.

Слова прастол не фіксавалі нашы слоўнікі 20-ых гадоў ХХ стагоддзя. Напрыклад, у “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага (Коўна, 1924) чытаем: “Престол – пасад. Царскі, каралеўскі, князеўскі, біскупскі пасад” (с. 543). І “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1925) падае “Пасад – престол” (с. 224). Як бачым, у першай чвэрці ХХ стагоддзя пазычанне з рускай мовы – прастол – фактычна ў нас не выкарыстоўвалася. Толькі ў сярэдзіне стагоддзя пасля пачатку татальнай русіфікацыі беларускай лексікі ў слоўніках замацоўваюць згаданую кальку з рускай мовы. Вось, скажам, “Русско-белорусский словарь” пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі (Мінск, 1953) фіксуе: “Престол. 1. Трон; 2. церк. Прастол”. Менавіта калькаваны назоўнік выкарыстоўвае газета “Звязда”, перадаючы фрагмент гутаркі кіраўніка дзяржавы з Апостальскім нунцыем: Ведаючы, што вы паедзеце ў Святы Прастол, я хачу праз вас перадаць самыя цёплыя і добрыя словы… Папу Бенядзікту XVI (Звязда, 11.04.12, с.1).

Варта яшчэ звярнуць увагу на некаторыя вытворныя словы, што зафіксаваныя ў нашых лексікаграфічных крыніцах. У прыватнасці, у “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (Т. 4, Мінск, 1980) падаюцца як нарматыўныя назоўнікі “прастоланаследдзе” і “прастоланаследнік” (с. 370). Сёння названыя словаформы наўрад ці варта ўжываць. Як адзначае праф. П. Сцяцко, “з самой дэфініцыі відаць штучнасць гэтага рэестравага слова прастоланаследдзе ў беларускай мове” (Павел Сцяцко. Культура мовы. Мінск, 2002, с. 232). Але і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) таксама фіксуе назоўнікі прастол, прастоланаследдзе, прастоланаследнік” (с. 642). Тут, хутчэй, спрацоўвае своеасаблівая сіла інерцыі, а не аб’ектыўны моўны чыннік.

Разам з тым у апошнія некалькі гадоў у нашай мове значна часцей стала выкарыстоўвацца лексема пасад. Гэта нульсуфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслова “пасадзіць”, што адлюстроўвае прадуктыўны характар дэрывацыі. Дарэчы, гэты назоўнік нярэдка фіксуецца і ў мастацкіх тэкстах. Бадай, кожны памятае славутыя купалаўскія радкі: “Занімай, Беларусь маладая мая, / Свой пачэсны пасад між народамі!” У канфесійным дыскурсе слова пасад сёння таксама дамінуе. Прывядзём два прыклады з сайта Ватыканскага радыё – radiovaticano.va: Пантыфік прызначыў новых членаў Адміністрацыі маёмасці Святога Пасаду; Святы Пасад заклікаў вызнаўцаў сікхізму супрацоўнічаць у спагадлівым служэнні (10 лістапада 2014 г.).

Такім чынам, у нашай мове трэба выкарыстоўваць адметны беларускі назоўнік пасад, а не русізм прастол. І словазлучэнне Святы Пасад – гэта сапраўды па-беларуску, у адрозненне ад калькаванага з рускай мовы спалучэння “Святы Прастол”.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі