Францішак патэлефанаваў да арцыбіскупа Пражскага на пенсіі, кардынала Міласлава Влка, каб выказаць яму сваю падтрымку. Іерарх пакутуе ад раку.
Падчас размовы, якая працягвалася некалькі хвілін, Пантыфік размаўляў з кардыналам пра яго захворванне і лячэнне. Іерарх запэўніў Папу, што захоўвае добры настрой, і што ў гэтым яму дапамагае апека і клопат тых, хто знаходзіцца побач.
Паўтары тыдні таму Кардынал Влк на сваёй інтэрнэт-старонцы паведаміў, што пакутуе ад раку лёгкіх з метастазамі ў косці і чакае хіміятэрапіі. У цяперашні час ён знаходзіцца на плябаніі ў пражскім раёне Карлін, дзе пробашчам з’яўляецца яго блізкі паплечнік, што належыць, як і сам былы арцыбіскуп Пражскі, да Руху Факаляраў.
Міласлаў Влк прыняў святарскае пасвячэнне ў 1968 годзе. Вёў душпастырскую працу і быў сакратаром біскупа Чэске-Будэёвіцэ. Неўзабаве стаў аб’ектам пераследу з боку камуністычнага рэжыму. Спачатку, у 1971 годзе, быў накіраваны на працу ў аддаленыя горныя парафіі, а ў 1978 годзе, пазбаўлены магчымасці займацца святарскім служэннем. У гэты перыяд ён скрытна прабываў у Празе, у прыватнасці, як ачышчальнік шкла і архівіст у банку.
Зноў вярнуцца да душпастырства ён змог у 1989 годзе. У 1990 годзе быў прызначаны біскупам Чэске-Будэёвіцэ, а праз год – арцыбіскупам Прагі. У 1994 годзе Ян Павел II узвёў іерарха ў кардынальскую годнасць.
для друку