У парафіі Святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі 22 ліпеня адбыўся тытульны фэст. Варта нагадаць, што ў каталіцкім касцёле ад 2016 года гэты дзень адзначаецца, як свята. Раней гэта быў абавязковы ўспамін. Але Папа Францішак, каб падкрэсліць не толькі ролю гэтай святой, якая першая ўбачыла Уваскрослага Хрыста, але і ролю ўсіх жанчын ў касцёле, пажадаў зрабіць такую змену.
Адметным фэст для мясцовай парафіі стаў яшчэ і таму, што правёў падрыхтоўку да свята новапрызначаны пробашч – ксёндз Мікалай Ліпскі. Святар, здзівіў сваіх парафіянаў нетрадыцыйным для іх падыходам да адпустовай урачыстасці. Распачалося святкаванне з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні, прысвечаныя святой Марыі Магдалене – «Апосталу новай і вялікай надзеі» чаргаваліся з адарацыйнымі спевамі ў выкананні гурта «Laudans». Вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння.
Урачыстую святую Імшу з нагоды парафіяльнай урачыстаці цэлебраваў ксёндз Сяргей Бараўнеў з Беразінскага. Прымалі удзел ў Літургіі пробашч парафіі Мікалай Ліпскі і ксёндз Віталь Якцэвіч з талачынскай парафіі святога Антонія. Святочнае казанне прамовіў ксёндз Сяргей Бараўнёў. Святар распавёў, што Марыя Магдалена паходзіла з мястэчка Магдалы, размешчанага на беразе Генісарэцкага возера. Яна была аздароўлена ад апантанасці і стала Яго спадарожніцай, прысутнічала пры смерці Хрыста і падчас Яго пахавання.
Казнадзей падкрэсліў, што кожны чалавек – гэта гісторыя любові, якую Бог піша на гэтай зямлі. Кожнага з нас Бог кліча па імені: ведае нас па імені, глядзіць на нас, чакае нас, прабачае нам, мае цярплівасць да нас. Напрыканцы гаміліі ксёндз Сяргей заклікаў вернікаў: «У час плачу і пакінутасці слухаць Уваскрослага Хрыста, які кліча нас па імені і з сэрцам, поўным радасці, абвяшчаць, што ўбачыўшы Пана, змяніў жыццё.»
Малітву верных вельмі ўзнёсла прачыталі дзве з наймалодшых парафіянак. Адбылася Эўхарыстычная працэсія з дарамі. Скончылася Літургія працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні. Пасля традыцыйнага гімну «Цябе, Бога, праслаўляем», была выканана песня «Малюся за Цябе, Беларусь», аўтарам якой з’яўляецца цэлебрант святочнай Эўхарыстыі – ксёндз Сяргей Бараўнёў.
Усе прысутныя вернікі падчас канцэртнай праграмы мелі магчымасць паслухаць творы у выкананні дуэту Андрэя Лугіна і Алёны Палачанскай, які ўпершыню выступіў перад новалукомльскімі слухачамі. Увогуле, канцэрт складаўся з музыкі разнастайных жанраў. Вядучая: беларуская спявачка Валянціна Альшанская падаравала прысутным некалькі народных песень, а таксама прадаставіла ўвазе слухачоў сучасныя лірычныя творы. Сваёй творчасцю падзяліўся з прысутнымі ансабль «Ферцінка» з Полацку. Цудоўнай атмасферы свята спрыяла сапраўднае ліпеньскае надвор’е, што сёлета з’яўляецца рэдкасцю. А салодкі стол, батуты і вясёлы настрой былі дадатковай нагодай каб прыемна адпачыць.
У народзе кажуць, што першы блін атрымоўваецца комам. Але, гледзячы на першае свята, арганізаванае па ініцыятыве пробашча Мікалая Ліпскага, можна гэтай прымаўцы запярэчыць. За вельмі кароткі адрэзак часу ( святар уступіў у правы пробашча з 25 чэрвеня) – удалося падрыхтаваць і правесці свята такога масштабу. Гледзячы на парафіян, хоць і не шматлікіх, але вельмі дружных, згартаваных, гасцінных і ветлівых, ёсць надзея, што супольнасць будзе крэпнуць і развівацца. Застаецца пажадаць Божай апекі, падтрымкі шматлікіх добрых людзей і няхай святая Марыя Магдалена – Апосталка надзеі, будзе яскравым прыкладам як несці надзею у нашу штодзённасць.
Алена Клімза-Колтан, тэкст;
Фота: удзельнікаў свята.
