На афіцыйным сайце Юбілею 2025 года – iubilaeum2025.va – апублікаваны першыя 26 праграм ключавых мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў яго рамках. Інфармацыя размешчана ў раздзеле Юбілейны каляндар (Jubilee Events Calendar).
Кожная праграма падрабязна апісвае асноўныя моманты пэўнай падзеі. У бліжэйшы час плануецца дадаваць новыя дэталі да існуючых апісанняў. Для зручнасці пілігрымаў на старонцы кожнага мерапрыемства будзе размешчаны спецыяльны дапаможнік з галоўнымі інструкцыямі, а таксама плакат для распаўсюджвання. Акрамя таго, наведвальнікі сайта змогуць зарэгістравацца для ўдзелу ў розных юбілейных падзеях.
Сярод 26 галоўных мерапрыемстваў варта адзначыць наступныя:
— Юбілей свету медыя, журналістыкі і камунікацыі (24-26 студзеня 2025 года)
— Юбілей узброеных сіл, паліцыі і службаў бяспекі (8-9 лютага 2025 года)
— Юбілей дыяканаў (21-23 лютага 2025 года)
— Юбілей валанцёраў (8-9 сакавіка 2025 года)
— Юбілей місіянераў міласэрнасці (28-30 сакавіка 2025 года)
— Юбілей хворых і свету аховы здароўя (5-6 красавіка 2025 года)
— Юбілей людзей з інваліднасцю (28-29 красавіка 2025 года)
— Юбілей рабочых (1-4 мая 2025 года)
— Юбілей прадпрымальнікаў (4-5 мая 2025 года)
— Юбілей музычных калектываў (10-11 мая 2025 года)
Таксама запланаваны Юбілеі для рэлігійных брацтваў (16-18 мая 2025 года), сем’яў (30 мая — 1 чэрвеня 2025 года), касцёльных рухаў і супольнасцей (7-8 чэрвеня 2025 года), семінарыстаў (23-24 чэрвеня 2025 года), біскупаў (25 чэрвеня 2025 года), святароў (25-27 чэрвеня 2025 года), катэхетаў (26-28 верасня 2025 года), мігрантаў (4-5 кастрычніка 2025 года) і іншых груп вернікаў.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць такія падзеі, як Юбілей Апостальскай Сталіцы (9 чэрвеня 2025 года), Юбілей спорту (14-15 чэрвеня 2025 года), Юбілей суцяшэння (15 верасня 2025 года) для тых, хто перажывае боль і пакуты, а таксама Юбілей зняволеных (14 снежня 2025 года).
Кожнае з гэтых мерапрыемстваў накіравана на тое, каб аб’яднаць вернікаў з усяго свету, падкрэсліць важнасць міласэрнасці і духоўнага абнаўлення.
Юбілейны 2025 год абяцае стаць значнай падзеяй у жыцці Каталіцкага Касцёла, спрыяючы ўмацаванню веры і еднасці сярод хрысціян.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку