Папа: малітва за памерлых – гэта святкаванне жыцця

Успамін пра тых, каго ўжо няма побач, не павінен ператварацца ў “простую настальгію”, але мусіць быць праявай цвёрдай надзеі на ўваскрасенне, якую падарыў свету ўваскрослы Хрыстус, падкрэсліў Папа.

5 лістапада 2026 года Папа Леў XIV цэлебраваў у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане святую Імшу ў інтэнцыі касцельных іерархаў, якія памерлі на працягу мінулага года. З кастрычніка 2025 года да канца кастрычніка 2026 года адышлі ў вечнасць 7 кардыналаў і 136 біскупаў.

Адзін з асноўных абавязкаў Касцёла

У гаміліі Папа нагадаў, як святая Моніка незадоўга да смерці, развітваючыся са сваімі сынамі Аўгустынам і Навігіем, сказала ім: “Пра адно толькі прашу вас: успамінайце мяне, дзе б вы ні былі, перад алтаром Пана”.

“Тут таямніца смерці звязваецца з малітвай за памерлых, якую Касцёл практыкуе з першых часоў свайго існавання, лічачы яе адным са сваіх асноўных абавязкаў”, — падкрэсліў Пантыфік.

Надзея на ўваскрасенне

Папа Леў XIV прапанаваў паразважаць над дзвюма праўдамі, якія асвятляюць нашу малітву за памерлых. Першая з іх – надзея на ўваскрасенне.

“Успамін нашых памерлых братоў і сясцёр ля алтара Пана грунтуецца на абяцанні, што нашае жыццё ў Хрысце не знікае, бо было адкуплена. (…) Бо калі б, як падкрэслівае Святое Пісанне, не было ўваскрасення, маліцца за памерлых было б марна». Пра гэта з гарачай перакананасцю нагадвае і апостал Павел: “Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос! А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная”, — нагадаў Святы Айцец.

Малітва за памерлых – гэта не простая настальгія

Папа падкрэсліў, што “маліцца за памерлых азначае святкаваць жыццё”. Ён адзначыў, што такая малітва грунтуецца на цвёрдай надзеі на ўваскрасенне, якую падарыў свету ўваскрослы Хрыстус.

“Таму не дазваляйма, каб памяць пра памерлых зводзілася да простай настальгіі. Будзем у веры разважаць пра таямніцу смерці без страху, бо Пан жыве, чакае нас і ўжо падрыхтаваў для нас месца ў доме свайго Айца”, — заклікаў Святы Айцец.

Еднасць святых

Другая праўда, на якую звярнуў увагу Папа, – гэта еднасць святых. “Калі мы молімся за памерлых, то робім гэта не толькі за іх, але і разам з імі”, — сказаў ён. Пантыфік нагадаў, што “Касцёл – гэта таямніца еднасці паміж Хрыстом, Галавой, і намі, Яго членамі: ад Яго мы атрымліваем жыццё”.

“Гэтая еднасць аб’ядноўвае благаслаўлёных духаў, якія ўжо сузіраюць аблічча Бога, і ўсіх тых, хто на небе ці на зямлі знаходзіцца ў дарозе да светлай мэты”, – сказаў Папа.

“У Хрысце смерць не разрывае сувязяў, але перамяняе іх у новае вымярэнне, якое можна зразумець толькі праз таямніцу Яго любові, ахвярна адданай аж да канца на крыжы і пралітай пасля Яго пасхальнай перамогі. Таму, прымаючы ў святой Эўхарыстыі любоў уваскрослага Пана, будзем захоўваць і падтрымліваць гэтую еднасць на працягу нашага жыццёвага шляху, каб, калі настане наша гадзіна, мы таксама маглі атрымаць малітоўную падтрымку ад братоў, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі, і разам з усімі святымі радавацца ў нябеснай Айчыне”, — заклікаў на заканчэнне гаміліі Папа.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку