Святы Айцец правёў тэлемост з украінскай моладдзю

Увечары 1 лютага 2025 года Папа Францішак правёў гадзінную анлайн-сустрэчу з 250 украінскімі юнакамі і дзяўчатамі, якія сабраліся ў кіеўскім грэка-каталіцкім катэдральным саборы Уваскрасення Хрыстовага.

Быць патрыётамі і любіць сваю Айчыну, параненую вайной, — заклікаў Пантыфік у размове з маладымі католікамі лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў, якія прыбылі ў сталіцу з розных куткоў Украіны, а таксама далучыліся з Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Канады.

На пачатку тэлемоста Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук выступіў з прывітальным словам. “Калі прагучыць сігнал аб налёце, мы павінны будзем прыпыніць размову і спусціцца ў сховішча”, — папярэдзіў удзельнікаў сустрэчы іерарх.

Размова са Святым Айцом пачалася з сумеснай малітвы Ойча наш і чытання ўрыўку з Паслання да Рымлянаў, у якім гаворыцца пра надзею. Затым прагучалі тры сведчанні моладзі, які расказвалі пра сваіх родных і аднагодак на фронце, пра досвед насілля і разбурэнняў, сведкамі якога сталі падчас вайны. “Вельмі шмат людзей гіне… Вораг спрабуе знішчыць не толькі гарады, але і веру ў будучыню”, — сказаў юнак з Харкава.

Пасля сведчанняў Папа адказаў на пытанні моладзі. Ён казаў пра разбуральную сілу вайны і важнасць дыялогу для пабудовы міру. “Заўсёды размаўляйце, размаўляйце адзін з адным, нават з тымі, хто думае інакш. Калі ласка, не стамляйцеся весці дыялог. Мір будуецца праз дыялог. Праўда, часам гэта немагчыма з-за ўпартасці некаторых, але заўсёды трэба прыкладаць намаганні”, — заахвоціў Папа Францішак.

Святы Айцец заклікаў маладых людзей, якія апынуліся за межамі сваёй краіны, не губляць сувязі з Радзімай. “Настальгія – гэта таксама сіла. Прашу вас, украінцы замежжа, не губляйце тугу па Радзіме. Думайце пра сваю Радзіму і, хоць гэта і балюча… але ўсміхайцеся ёй”, — параіў Папа.

Пантыфік паказаў удзельнікам сустрэчы ружанец і асобнік Новага запавету і Псалтыра, якія належалі загінуламу на фронце маладому ўкраінцу. “Для мяне гэта рэліквія вашага маладога чалавека, які аддаў жыццё за мір. Яны ляжаць у мяне на рабочым стале, і я малюся па іх кожны дзень. Мы павінны памятаць гэтых герояў, абаронцаў роднай зямлі”, — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік параіў моладзі заўсёды насіць з сабой кішэннае Евангелле і штодзённа чытаць яго, а таксама заклікаў юнакоў і дзяўчат заставацца патрыётамі. “Калі краіна перажывае цяжкасці, моладзь абавязана захоўваць яе дух. Сёння місія маладых украінцаў – быць патрыётамі. Не хавайцеся ад праблем, якія прынесла вайна. Будзьце патрыётамі, любіце вашу Айчыну! Цяпер яна зранена вайной, але любоў да яе – гэта цудоўна”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак заахвоціў моладзь працягваць марыць і быць гатовымі прабачаць. “Прабачаць – гэта адна з самых цяжкіх спраў. Гэта цяжка ўсім, у тым ліку мне… Але суцяшае думка: я абавязаны прабачаць, бо быў прабачаны сам. Будзем памятаць пра момант нашага жыцця, калі мы атрымалі прабачэнне… Мастацтва прабачэння нялёгкае, але мы павінны ісці далей і заўсёды прабачаць адзін аднаго”, — сказаў Папа.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі