Святар адкрывае незвычайны клуб-кавярню ў цэнтры Варшавы

Ілюстрацыйнае фота

Вядомы сваімі рознымі формамі евангелізацыі кс. Рафал Глувчынскі, адкрывае незвычайны клуб-кавярню ў цэнтры Варшавы. Як ён абвясціў яшчэ ў чэрвені ў эфіры радыё Варшава, гэта будзе «месца для ўсіх, дзе вы плаціце столькі, колькі можаце. Цэнаў няма.

«Цырк матылькоў» — клуб-кавярня — месца без алкаголю і выкарыстання мабільных тэлефонаў. Адкуль такая назва? Мы хочам здабываць прыгажосць і дабро з людзей! Стварыць усмешку на іх тварах! Гэта таксама адсылка на фільм пра Ніка Вуйчыча», — напісаў кс. Рафал Глувчынскі.

Аказваецца, што клуб-кавярня будзе размяшчацца недалёка ад прыступак на рацэ Вісла, месцы, добра вядомым многім жыхарам Варшавы. Акрамя таго, святар ужо абвясціў, што тут будзе месца для ўсіх, таму будуць прапановы і для старэйшых, і для маладых, напрыклад, па панядзелках можна будзе што-небудзь з’есці ў абмен на дапамогу ва ўборцы берага Віслы, а аўторак будзе «днём вечарын для пажылых людзей».

«Серада – дзень выхаду з дому! – Для адзінокіх і людзей, якія хочуць сустрэць новых сяброў. Дзень інтэграцыйных і настольных гульняў, караоке», — піша святар.

У сваю чаргу, чацвер стане «днём размоў пра духоўнасць для ўсіх, незалежна ад поглядаў, полу, арыентацыі, хто шукае Бога, але адчувае, што не знаходзіць сябе ў касцёле».

У выхадныя дні не будзе недахопу ў сустрэчах з цікавымі гасцямі, канцэртах і безалкагольных мерапрыемствах, а таксама забаўках для ўсёй сям’і.

Каб гэтая ідэя ўдалася, патрэбная малітва і фінансавая падтрымка», — напісаў святар, які ацаніў кошт праекта. Усяго неабходна 98 300 злотых, таму кс. Рафал арганізаваў збор праз інтэрнэт.

«А што, калі мы не збяром столькі? Мы купім усё неабходнае, а астатняе набудзем з часам. У горшым выпадку будзем арганізоўваць сустрэчы без пачастунку, а замест крэслаў і шэзлонгаў будуць стаяць паддоны», — напісаў ён.

Адкрыццё клуба-кавярні адбудзецца 7 ліпеня.

stacja7.pl
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку