Адбылося гэта ў нядзелю, 5 мая, у апошні дзень ІІІ Міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”, які праходзіў на Глыбоччыне з 3 па 5 мая.
Стала ўжо добрай традыцыяй, што фэст завяршаецца ў касцёле Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Удзеле. Арганізатар фэсту Віталь Воранаў лічыць Удзела сваёй малой радзімай, бо тут жылі яго дзядуля і бабуля, таму і завяршаецца святочная праграма менавіта тут. Тым больш, што выступ дудароў падабаецца і святарам, і парафіянам.
На жаль, у гэтым годзе ўдзельнікі фэсту з Македоніі і Харватыі мусілі паехаць раней, таму ў Удзела завіталі дудары з Польшчы і арганізатар фэсту Віталь Воранаў. Перад пачаткам богаслужэння яны ўрачыста ўвайшлі ў храм, іграючы на сваіх інструментах. Дудары з Польшчы Адам і Каміль Кнобель, а таксама скрыпачка Караліна Коцік упрыгожылі сваёй ігрой святую Імшу.
Адметнасцю гэтай Імшы стала і тое, што падчас яе прынялі хрост двое дзяцей, Ксенія і Мікіта. Перад пачаткам Імшы пробашч парафіі айцец Яраслаў Банасяк сустрэў бацькоў і хросных на ўваходзе ў храм і спытаў іх, ці сапраўды яны хочуць, каб іх дзеці далучыліся да каталіцкай супольнасці. Атрымаўшы адказ “Так”, святар разам з міністрантамі прайшоў да алтара і распачаў святочнае богаслужэнне. На самым яго пачатку святар акрапіў вернікаў святой вадой.
У сваім слове да вернікаў ён звярнуў увагу на ўрывак з Евангелля, які чытаўся падчас Імшы. У ім гаварылася пра тое, як вучні Хрыста сустракаюць свайго настаўніка пасля яго Уваскрэсення. Ён хоча есці і просіць сваіх вучняў яшчэ раз закінуць сетку. Перад гэтым вучні нічога не злавілі, а тут здараецца цуд – поўная сетка рыбы. І толькі тады яны пераконваюцца, што перад імі сапраўды Езус уваскрэслы.
Айцец Яраслаў правёў паралель з цяперашнім часам, калі мы таксама ходзім у нядзелю ў касцёл, прымаем Камунію, але да канца не верым у Езуса Хрыста. Атрымоўваецца, што Бог прысутнічае ў нашым жыцці толькі ад нядзелі да нядзелі. А большасць католікаў наогул ходзіць у храм толькі для таго, каб асвяціць вербы або стравы на велікодны стол. “Езус чакае нас тут, у святыні, кожную нядзелю ў выглядзе хлеба і віна, таму не трэба прапускаць сустрэчу з жывым Езусам,” – заклікаў айцец Яраслаў. Ён таксама звярнуў увагу, што Бог павінен прысутнічаць у нашым жыцці кожны дзень.
Пасля гаміліі айцец Яраслаў удзяліў сакрамант хросту Ксеніі і Мікіту, далучыўшы такім чынам іх да супольнасці каталіцкага Касцёла.
Напрыканцы святой Імшы вернікі разам са святаром памаліліся Літаніяй да Маці Божай, пасля чаго адбылася працэсія вакол касцёла. У ёй удзельнічаў таксама і мастак Алесь Пушкін, які разам з сынам Мікалаем адмыслова прыехаў на дударскі фэст і ўдзельнічаў ва ўсіх яго мерапрыемствах, у тым ліку і на гэтай Імшы.
Пасля заканчэння Імшы да пробашча і вернікаў звярнуўся Віталь Воранаў. Ён падзякаваў святару і сваім землякам за тое, што яны заўсёды так цёпла сустракаюць музыкаў у сваім храме. Ён падараваў айцу Яраславу дударскі каляндар і прэзентаваў сваю кнігу “Дудары Глыбоцкага краю”. Дарэчы, гэта кніга была выдадзеная з дапамогай супрацоўнікаў «Каталіцкага Весніка».
А пасля польскія музыкі далі невялікі канцэрт для парафіянаў, які ім вельмі спадабаўся.
Апошнім выступіў Віталь Воранаў, які зайграў на копіі глыбоцкай дуды, якую ён у мінулым годзе адшукаў у віленскім музеі. На гэты час віленская дуда лічыцца найстарэйшай беларускай дудой. Вырабіў яе копію майстар Сяргей Чубрык.
***
Віталь Воранаў – беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, публіцыст і ўніверсітэцкі выкладчык. У 1996 годзе ў 12-і гадовым узросце пераехаў разам з бацькамі ў Польшчу. Жыве ў Познані, выкладае ва ўніверсітэце, перакладае з чэшскай, польскай і англійскай моваў. У 2017 годзе арганізаваў у Глыбокім першы дударскі фэст, які сёлета прайшоў у трэці раз.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, відэа
