Сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Тракелях

22 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях адбыўся дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэча стала нагодай падзякаваць Пану Богу за 32 гады біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча i 47 гадоў з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння, а таксама за 2022-2023 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння. Шматлікія ўдзельнікі – духавенства, законныя сёстры, свецкія катэхеты – выслухалі канферэнцыю “Надзея ў жыцці хрысціяніна”, з якой выступіў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч.

Святар падкрэсліў, што надзея – важная цнота ў хрысціянскім жыцці, якое з’яўляецца цяжкай пілігрымкай у гэтым свеце ў дом Айца. “Мы зносім разнастайныя жыццёвыя выпрабаванні. І менавіта дзякуючы надзеі чалавек спадзяецца, што атрымае ад Бога ўсё тое, што неабходна для дасягнення вечнага збаўлення”, – адзначыў кс. Мацкевіч.

Па словах генеральнага вікарыя, хрысціянская надзея з’яўляецца даверам Божаму Провіду і засноўваецца не на жыццёвых ілюзіях, памылковых прычынах або няправільных падставах, а нa самім Богу, асабліва на Яго ўсемагутнасці, вернасці і міласэрнасці. “Надзея глядзіць перш за ўсё ў будучыню, хоць датычыць сённяшняга дня. Мы спадзяемся, што атрымаем ад Бога ўсё, што патрэбна для дасягнення жыцця вечнага”, – сказаў кс. Аляксандр.

Айцец доктар Андрэй Шчупал CSsR, дырэктар Аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі, з нагоды блізкага завяршэння катэхетычнага года прадставіў справаздачу аб катэхізацыі ў мясцовым Касцёле. Святар нагадаў пра найважнейшыя падзеі, якія праходзілі з удзелам катэхетаў у гэтым навучальным годзе, і прадставіў статыстыку аб удзеле дзяцей і моладзі ў катэхізацыі ў паасобных дэканатах.

Цэнтральнай падзеяй дня была Імша падзякі, якую цэлебраваў на палявым алтары біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку літургіі іерарх нагадаў, што месяц май – асаблівы час, каб выразіць удзячнасць Богу. Як падкрэсліў біскуп, у гэты час мы дзякуем Пану за дзяцей, якія ўпершыню прыступаюць да эўхарыстычнага стала, і за моладзь, якая ўзбагачаецца дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што для многіх святароў і кансэкраваных асобаў гэта нагода падзякаваць Богу за дар святарскага ці кансэкраванага жыцця ў чарговую гадавіну яго распачацця. Таму, адзначыў іерарх, ён сам прыбывае з патрэбы сэрца ў гэтае святое месца, каб дзякаваць Пану, праз Марыю і разам з Ёю, за дар жыцця і ўсе атрыманыя ласкі, асабліва за 32 гады біскупскага служэння.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, асаблівым чынам за духоўных асобаў і катэхетаў, якія першыя даюць прыклад жывой веры і ўказваюць іншым вернікам дыяцэзіі шлях да Бога. Гамілію прамовіў кс. доктар Віталій Сідорка, пробашч маладой лідскай парафіі св. Юзафа, рамесніка, і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка. Сваё разважанне над Божым словам, прапанаваным Касцёлам на гэты дзень, ён прысвяціў тэме “Сустрэча з нясталым хрысціянствам – шанц перадаць веру ў Бога”.

Святар адзначыў, што нясталыя хрысціяне – гэта “людзі пустога сэрца”. “Мне здаецца, што, нягледзячы на шматвяковую гісторыю існавання хрысціянскага асяроддзя, культуры і ментальнасці, мы ўвесь час маем магчымасць сустрэчы з такога роду феноменамі”, – сказаў ён. Ксёндз Віталій нагадаў пра тых, для каго сацыяльныя сеткі, а не вучэнне Касцёла, становяцца аўтарытэтным асяроддзем пошуку адказаў, пра павярхоўныя адносіны бацькоў да рэлігійнага выхавання дзяцей.

Па словах святара, важна памятаць, што той, хто прапаведуе Евангелле, павінен быць “сведкам веры і ахоўнікам памяці пра Бога”, мець досвед “дабра і праўды Евангелля ў сваёй сустрэчы з асобай Езуса”.

На заканчэнне Імшы з віншаваннямі да біскупа Гродзенскага звярнуўся кс. канонік Станіслаў Лабан, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях, які сёлета адзначае свой залаты юбілей. Ад імя ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію, святар выказаў іерарху словы падтрымкі і запэўнівання ў малітве за свайго пастыра.

Таксама віншаванні біскупу выказаў кс. Дзяніс Крываносаў SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках, нядаўна выбраны радным для Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Перш чым удзяліць благаслаўленне, біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за прысутнасць, падкрэсліўшы, што вельмі рады магчымасці правесці цудоўны і важны для яго дзень гадавіны біскупскага пасвячэння ў гэтым прыгожым, дарагім яго сэрцу санктуарыі.
Карыстаючыся нагодай, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў за дар малітвы ў яго інтэнцыі, не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго яго служэння.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі