Супольная малітва

Важнае месца ў хрысціянскай сям’і займае малітва. Бацькі моляцца за сваіх дзяцей, асабліва, калі дзеці выклікаюць у іх павышаны клопат, перажываюць цяжкасці або хварэюць.

А як навучыць маліцца дзяцей? Разгледзім пяць парадаў па арганізацыі супольнай малітвы.

  1. Маліцеся самі

У сучасным свеце шмат магчымасцяў: у інтэрнэце можна знайсці любыя тэксты малітваў, нават усталяваць на тэлефоне. Звычайна пры любой парафіі ёсць заняткі па катэхезе, якія можна наведваць нават з дашкольнага ўзросту.

Але гэта будзе зусім неэфектыўна, калі сям’я не моліцца разам. Тут мама і тата павінны зрабіць рахунак сумлення: колькі мы молімся і ці молімся ўвогуле? Таксама варта разам вырашыць, які час найбольш зручны для вас і якія малітвы будуць гучаць на вашай супольнай сустрэчы.

  1. Рэгулярнасць

Калі вы вызначылі час і малітвы, то трэба наладжваць рэгулярнасць. Абставіны могуць быць рознымі: бацькі стомленыя пасля цяжкага працоўнага дня, дзеці раптам пачнуць капрызіць, сям’я паехала на выхадныя ў госці … Але вельмі важна, каб кожны дзень у вызначаны час вашая супольная малітва адбывалася.

  1. Пачніце з маленькіх крокаў

Калі вашыя дзеці зусім маленькія, вядома ж, яны не змогуць адразу трываць на малітве доўгі час, разумець сэнс, паўтараць словы. Напачатку важна, каб дзеці бачылі, што моляцца іх бацькі. Разглядайце разам іконы з выявамі Езуса Хрыста, Панны Марыі, святых, ілюстрацыі з героямі і сцэнамі з Бібліі.

З цягам часу распачынайце разам вучыць асноўныя кароткія малітвы: “Ойча наш”, “Вітай, Марыя ”, “Хвала Айцу”. Калі дзеці падрастаюць, можна маліцца разам на ружанцы, разважаць стацыі Крыжовага шляху, чытаць Божае слова.

Цікаўнасць да малітвы можна падтрымліваць таксама праз прыгожыя рэлігійныя спевы.

  1. Стварыце адпаведную атмасферу

У кожнай хрысціянскай сям’і павінна быць адпаведнае месца для малітвы. Абмяркуйце з дзецьмі, якія абразы яны б хацелі туды паставіць, разам запальвайце свечкі, прыносьце кветкі.

У розныя перыяды літургічнага году можна аздабляць вашае месца малітвы адпаведнымі элементамі. Напрыклад, падчас Вялікага посту – галінкі церняў, фігурка Маці Божай у маі і кастрычніку.

Паразважайце разам, чаму менавіта такія элементы з’яўляюцца ў вашым месцы малітвы.

  1. Галоўнае – не спыняцца

Калі сям’я вырашае маліцца разам – гэта важны крок. Але ён толькі першы. Наперадзе можа чакаць шмат не вельмі прыемных сітуацый: дзеці могуць бунтаваць, плакаць або, наадварот, гарэзліва сябе паводзіць.

Галоўнае – не спыняцца, быць цярплівымі, калі штосьці не атрымалася сёння – абавязкова атрымаецца заўтра. Прасіце Пана Бога, каб Ён быў сярод вас, бласлаўляў і дапамагаў знаходзіць правільныя рашэнні.

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі