31 ліпеня з Друі ў Росіцу вырушыла пілігрымка, якую ў чарговы раз арганізавалі айцы-марыяне. За тры дні пілігрымы пераадолеюць шлях амаль у 90 км, каб ушанаваць росіцкіх пакутнікаў – бласлаўлёных Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча, якія аддалі сваё жыццё з любові да Бога і бліжняга.
Вернікі з розных куточкаў Беларусі распачалі свой шлях з Друі, калыскі айцоў-марыянаў. Сярод пілігрымаў, а іх у гэтым годзе 101, шмат тых, хто ідзе ў пілігрымку не першы раз. Кіруе такой вялікай кагортай — а. Ілля Саўчанка МІС з Оршы, якому дапамагаюць яшчэ тры сабраты ў святарстве і дзве сястры эўхарысткі.
Пілігрымка — гэта не проста шлях, гэта малітва, спевы, разважанні. Пілігрымка з’яўляецца супольным сведчаннем веры ў Пана Бога і прыклад любові да бліжняга. Гэта таксама магчымасць перамяніць сябе, выйсці з «зоны камфорту», каб несці Хрыста тым, хто Яго патрабуе.
Пілігрымка з’яўляецца адной сям’ёй, дзе няма «Я», а толькі «МЫ», як супольнасць, як Божыя дзеці, як браты і сёстры ў Хрысце. Да гэтай сям’і далучаюцца таксама і тыя, хто вітае, частуе, прымае пілігрымаў на начлег, таму пілігрымы заўсёды з удзячнасцю моляцца за сваіх дабрадзеяў.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку