Святая Фаўстына запрашае да Міласэрнасці: у Новалукомлі ўрачыста ўнеслі яе рэліквіі

У нядзелю, 27 верасня, у касцёле святой Марыі Магдалены адбылося ўрачыстае ўнясенне рэліквій святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Гэтая падзея сабрала парафіянаў, гасцей і пілігрымаў, каб разам ушанаваць тую, чыё імя непарыўна звязана з пасланнем Божай Міласэрнасці.

Перад святой Імшой вернікі супольна памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці — малітву, якую сама святая Фаўстына запісала ў сваім «Дзённіку» паводле ўнутранага натхнення. Затым сястра Канстанцыя з кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці з Паставаў урачыста прынесла да алтара рэліквіі святой. Разам з ёй на гэтую ўрачыстасць прыбылі прадстаўніцы супольнасці «Фаўстынум» — асаблівага напрамку дзейнасці сясцёр, які аб’ядноўвае святароў, манахаў і свецкіх вернікаў з усяго свету. Чальцы гэтай супольнасці штодня праз малітву, слова і ўчынкі ўдзельнічаюць у місіі абвяшчэння Божай Міласэрнасці, і таму іх прысутнасць на гэтым свяце была асабліва значымай.

Пасля ўнясення рэліквій распачалася святая Імша, якую ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі. У сваім прывітальным слове ён адзначыў не толькі сястру Канстанцыю і прадстаўнікоў «Фаўстынум», але і невялікую колькасць пілігрымаў з Барысава, якія спецыяльна прыехалі, каб разам ушанаваць рэліквіі святой Фаўстыны. Іх прыезд стаў яскравым сведчаннем таго, што пасланне Міласэрнасці аб’ядноўвае людзей з розных куткоў краіны.

Успамін святой сястры Фаўстыны Кавальскай у хуткім часе будзе адзначацца — 5 кастрычніка, у дзень яе адыходу ў вечнасць. Святая памерла ў 1938 годзе ў Кракаве ва ўзросце толькі трыццаці трох гадоў, пакінуўшы пасля сябе духоўную спадчыну, якая і сёння натхняе мільёны вернікаў па ўсім свеце.

На заканчэнне Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій святой сястры Фаўстыны. Вернікі мелі магчымасць падыйсці да рэліквій, каб прыкласціся да іх і папрасіць заступніцтва святой. А сястра Канстанцыя прадставіла прэзентацыю пра жыццё і дзейнасць святой Фаўстыны. Яна расказала пра яе шлях — ад простай дзяўчыны з вёскі, якая спачатку не атрымала бацькоўскага бласлаўлення на манаства, да сястры, якой Сам Езус даверыў пасланне аб Божай Міласэрнасці. Сястра Фаўстына выконвала самыя простыя абавязкі — была кухаркай, садоўніцай, прыбіральшчыцай, — але яе глыбокае адзінства з Богам рабіла кожную з гэтых спраў часткай вялікай місіі.

Пасля ўрачыстасці на вуліцы парафіянаў і гасцей свята чакаў супольны пачастунак.

Гэтая нядзеля ў касцёле святой Марыі Магдалены стала не проста ўрачыстасцю, а нагодай яшчэ раз нагадаць сабе і іншым: Божая Міласэрнасць — гэта не абстрактная ідэя, а жывая рэальнасць, якая праз рэліквіі святой Фаўстыны, праз малітву і праз учынкі вернікаў робіцца блізкай і адчувальнай тут і цяпер.

Леанід Юрык, фота

для друку для друку