У Лужках ушанавалі святога Міхала Арханёла

29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія ў Лужках адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Нябесным апекуном парафіі з’яўляецца святы Міхал Арханёл. На супольную малітву сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і шматлікія госці. Узначаліў урачыстую Эўхарыстыю новапрэзбітар ксёндз Антоній Тышко.

У канцэлебраванай святой Імшы бралі ўдзел дэкан Глыбоцкага дэканату ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч, дэкан Мёрскага дэканату ксёндз Андрэй Кулік, ксёндз Аляксандр Грыцкевіч з Вернядзвінска і гаспадар парафіі — ксёндз Іван Кароткін. Паслугу ў канфесіянале аказвалі ксёндз Вячаслаў Адамовіч з Ідолты і ксёндз Ян Пугачоў з Германавіч. На святочную Эўхарыстыю прыбылі сёстры францішканкі Сям’і Марыі з Глыбокага, а таксама вернікі з суседніх парафій.

Падчас гаміліі ксёндз Антоній Тышко заўважыў, што свята Св. Міхала Арханёла — гэта не толькі ўспамін пра далёкую нябесную падзею. Гэта запрашэнне кожнаму з нас паглядзець на сваё жыццё ў святле барацьбы паміж дабром і злом, якая не скончылася і сёння — яна працягваецца ў кожным сэрцы, у кожнай сям’і, у кожным народзе.

Імя Міхал па-габрэйску значыць «Хто як Бог?». Гэта не проста імя — гэта крык веры, гэта адказ на бунт Люцыфера, які хацеў быць роўны Богу. Калі анёл цемры паўстаў супраць Стварыцеля, менавіта Міхал узначаліў верных анёлаў і змагаўся за Божую праўду. У Апакаліпсісе святога Яна чытаем: «І ўстала вайна на небе: Міхал і анёлы ягоныя змагаліся з цмокам… І быў скінуты цмок вялікі, старажытны змей, якога завуць д’яблам і сатаною» (пар. Ап 12, 7-9). З той пары святы Міхал — гэта абаронца: абаронца Божай хвалы, абаронца людзей, абаронца Касцёла.

Святар падкрэсліў, што гэтае пасланне неверагодна актуальнае сёння, у ХХІ стагоддзі. Мы жывём у час, калі людзі спрабуюць паставіць сябе на месца Бога. Мы хочам самі вырашаць, што ёсць дабро, а што зло. Сучасны свет часта крычыць: «Я адзін!», «Мая свабода без абмежаванняў!» Святы Міхал уступае ў гэты шум сваім ціхім, але магутным пытаннем: хто падобны да Бога?

«Няхай гэты яго заклік будзе нашым дэвізам па жыцці. Калі прыходзіць спапкуса каб пайсці кароткім шляхам, хлусіць, ненавідзець, давайце ўсклікнем у сэрцах: хто падобны да Бога! Калі мы губляем надзею і здаецца, што вакол нас перамагае зло, давайце паўтараць з верай: хто падобны да Бога!» — заахвоціў прамоўца.

Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Іван Кароткін скіраваў словы падзякі да тых, хто дапамагаў у падрыхтоўцы свята, святароў, гасцей і ўсіх прысутных за супольную малітву. Да святара далучыліся парафіяне, якія падзякавалі новапрэзбітэру за цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога памаліліся Літаніяй да Святога Міхала Арханёла, а затым уславілі Пана Бога Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Завяршэннем літургіі стала прыміцыйнае благаслаўленне, якое ксёндз Антоній удзяліў усім прысутным.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку