Спачатку сем’і сабраліся на святую Імшу, якую узначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Святары разам з вернікамі маліліся аб шчодрых дарах Духа Святога для кожнага, узаемаразуменні і еднасці ў сем’ях, краіне, свеце.
Біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў, што сямейны баль — гэта ўнікальная падзея. У наш імклівы час муж і жонка звычайна занятыя працай, выхаваннем дзяцей, іншымі справамі і, на жаль, амаль не могуць пабыць разам. А для ўмацавання сям’і вельмі важна шанаваць сямейныя традыцыі. Баль — гэта магчымасць устанаўлення дыялогу паміж мужам і жонкай: у танцы яны аддаюцца адно аднаму, і гэта абуджае пачуцці.
“Друг друга часто мы не понимаем,
Не можем острых обойти углов,
Но в танце мы сердца соединяем,
И это выше самых важных слов”!
Меркаванне аўтара гэтых радкоў поўнасцю пацвердзілі ўдзельнікі сямейнага балю — пары з розным сямейным стажам.
Свята працягнулася ў фае раённага Дома культуры. Гучала шляхетная музыка, галантныя кавалеры і прыгожа апранутыя дамы размаўлялі паміж сабой. Вядучыя балю Юлія Петухова, Сяргей і Святлана Івановы, Мікалай і Алеся Кісялёвы прывіталі ганаровых гасцей, удзельнікаў, гледачоў. Грацыёзна, урачыста і велічна першая пара задала тон астатнім. Вытанчанасць рухаў, якія спалучылі у адно цэлае мужа і жонку, трэба было бачыць.
Юрый і Валянціна Бакуновічы ў каторы раз прыехалі сюды з Мінска. У іх ужо дарослыя дзеці і ўнукі, але паважаны ўзрост пары не перашкаджае сумесна праводзіць ім час. Вольга і Уладзімір Бернякі з Нарачы, патанцаваўшы летась разам з пастаўчанамі, не прамінулі гэту падзею і сёлета. Сяргей і Кацярына Чучковы — віцябчане і таксама пастаянныя ўдзельнікі сямейнага балю. Прызналіся, што шкадуюць, што такія мерапрыемствы ў іх абласным цэнтры не арганізуюцца.
Першымі сярод пастаўчан некалькі гадоў таму захапіліся балем Сяргей і Святлана Івановы, пабываўшы на аналагічным у Браславе. Закінулі ідэю сваім знаёмым і знайшлі аднадумцаў. Валанцёры душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы” Ірына і Аляксандр Малочка з Віцебска, якія маюць вопыт арганізацыі такіх баляў, згадзіліся дапамагаць. Урэшце ў 2018 годзе на Пастаўшчыне адбыўся першы баль. Яго зладзілі ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры. Наступны правялі ў райцэнтры і прысвяцілі яго 10-годдзю фонду “Адкрытыя сэрцы”. Вымушаны перапынак прыйшлося зрабіць з-за пандэміі COVID-19. Летась традыцыю аднавілі. Сёлета пастаўчане арганізавалі мерапрыемства самі.
Прыемна, што большасць танцораў — шматдзетныя сем’і (маюць ад трох да шасці дзяцей). Тым не менш знаходзяць час на рэпетыцыі, падрыхтоўку балю.
Кантрданс змяняў чарльстон, за імі — полька і зноў кантрданс. А чаго вартая мелодыя вальса! Гэты танец выконваюць на выпускных балях, вяселлях, у сельскіх клубах. Яго відаў шмат: іспанскі, аўстрыйскі свінгавы, вальс-бастон, малы фігурны і іншыя. Кожны з іх пары выконвалі рамантычна і элегантна.
Біскуп Алег Буткевіч падзякаваў сем’ям за тую шчырую атмасферу, якую яны з стварылі, і ўручыў дыплом самай закаханай пары — Сяргею і Кацярыне Чучковым; пары, якая найлепш вальсуе, — Мікалаю і Святлане Ожэль, самаму галантнаму кавалеру — Сяргей Іванову, а таксама дырэктару раённага Дома культуры Але Чарнюк і харэографу Юліі Петуховай за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Доўга гучала ў той вечар музыка, кружыліся закаханыя пары, а на свяце валадарылі пяшчота, радасць, адзінства, шчасце.