Шлюб агностыка і каталічкі: пытанне святару

“Хвала Хрысту! Я каталічка. Замужам 10 гадоў. Не бралі шлюб. Муж – агностык. Я б хацела нарэшце ўзяць шлюб. Мне не хапае споведзі і Камуніі. Але я не магу паўплываць на мужа і прымусіць яго зрабіць гэта “для птушачкі”, бо з яго боку стаўленне да шлюбу будзе тады фармальным. У нас моцная сям’я, і мы вельмі любім адно аднаго, стараемся сумленна ставіцца да ўсяго. Як мне правільна паступіць у гэтай сітуацыі”? Валерыя

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала навекі! Справа складаная менавіта для вас, бо Вы як верніца, каталічка не можаце належным чынам спраўляць свае рэлігійныя абавязкі, за выключэннем хіба што толькі ўдзелу ў святой Імшы. Ваш муж агностык, і гэта гаворыць, што ён чалавек, які шукае… Што да веры і тэалогіі, то агностыкі аддзяляюць культурна-этычны складнік веры і рэлігіі, лічачы яго нейкай свецкай школай маральных паводзін у грамадстве, ад містычнага (гэта пытанні, звязаныя з існаваннем Бога, дэманаў, вечнага жыцця, рэлігійных абрадаў і г.д). І не надаюць містычнаму складніку сутнаснага значэння.

Разумеючы філасофію агнастыцызму, я разумею рацыянальную пазіцыю Вашага мужа. Таму трэба да гэтай справы падысці спакойна і адказаць сабе на наступныя пытанні: 1. Калі Вы з ім вырашалі звязаць сваё жыццё, то Вы ведалі, хто ён і якія мае перакананні? І што такая сітуацыя рана ці позна ўзнікне паміж Вамі? Такім чынам, Вы ўжо тады пагадзіліся на гэта. Таму існая праблема не сённяшняя, а з таго часу. 2. Ці быў Ваш муж, які цяпер сябе лічыць агностыкам, ахрышчаны ў дзяцінстве (у касцёле ці царкве)? 3. Ці не не выракаўся ён публічным актам ад прынятага хросту і веры? Бо калі ён не быў увогуле ахрышчаны, то ён не хрысціянін. Каталічка можа заключыць сужэнскі саюз з некатолікам ці з нявернікам, атрымаўшы дыспенсу ад біскупа-ардынарыя.

Таксама паўстае пытанне з прыняццем хросту і рэлігійным выхаваннем Вашых дзяцей. Калі вы будзеце “за”, а муж “супраць” – што тады? Таму, прыняўшы рашэнне раз, Вас і надалей будуць абцяжарваць ягоныя наступствы. Тут трэба дамаўляцца!

Калі Ваш муж не згодзіцца на тое, каб заключыць шлюб у касцёле як нявернік з каталічкай, то на гэта ніхто не зможа паўздзейнічаць. Калі нават Вас, жонку, якая любіць, ён не чуе ў вырашэнні гэтага пытання. Зрэшты, гэта яго права, толькі яно абмяжоўвае Вашае права як верніцы заключыць сужэнскі саюз і практыкаваць веру.

Калі ён сапраўды Вас любіць, то, на маю думку, змог бы дзеля Вас згадзіцца на заключэнне сужэнскага саюзу. Бо сапраўдная любоў – ахвярная і безумоўная! Магчыма, ён не ведае пра тое, што ніхто яго не будзе прымушаць верыць у Бога або станавіцца католікам, і ён далей будзе агностыкам, а Вы зможацце прыступаць да сакраманту пакаяння і прымаць Св. Камунію. Сваёй упартасцю ён закрывае Вам магчымасць практыкаваць сваю веру на шляху збаўлення, і гэтым самым ускладае на сябе адказнасць за Вас перад Богам. 

Блаславі Вас Бог!

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі