«Школа сямейнага жыцця» ў Мінску аб’яўляе набор слухачоў

Праводзіцца набор слухачоў на курс «Школа сямейнага жыцця» ў Мінску пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 2024–2025 навучальны год.

Курсы арганізаваны для ўсіх ахвотных, зацікаўленых дабром сям’і, і даюць магчымасць набыць шмат ведаў, якія не толькі будуць карыснымі ва ўласным жыцці, але і дапамогуць іншым у крызісных сітуацыях.

Мэта навучання – падрыхтоўка сямейных дарадчыкаў, якія могуць дапамагаць пры парафіях, у падрыхтоўцы сямейных пар да сакраманту сужэнства, у сямейнай кансультацыі.

Форма навучання завочная. Навучанне працягваецца тры з паловай гады, з’езды раз у месяц (субота і нядзеля) з кастрычніка па чэрвень. Месца навучання – капліца пры парафіі Божага Цела ў Мінску (вул. Герасіменкі 6/1).

На курсах выкладаюць кваліфікаваныя духоўныя і свецкія асобы.

Пасля заканчэння курсаў слухач атрымлівае дыплом, які з’яўляецца падставай для выканання функцыі сямейнага кансультанта пры парафіях, а таксама дыплом аб заканчэнні курса І ступені для выкладчыкаў натуральнага планавання сям’і ў вобласці сімптатэрмальнага метаду.

Для залічэння на курсы неабходна прадставіць наступныя дакументы:

  • уласнаручна напісаная заява аб прыняцці з матывацыяй свайго рашэння;
  • уласнаручна напісаная аўтабіяграфія;
  • рэкамендацыя ад пробашча;
  • дзве фатаграфіі (3*4 см);
  • ксеракопія пасведчання аб сярэдняй або вышэйшай адукацыі;
  • ксеракопія пашпарта (старонкі 31-33).

На кваліфікацыйную размову можна запісацца да 25 кастрычніка 2024 г. па тэл. +37544 759-45-25 (а. Сяргей Трысцень)

Водгукі выпускнікоў і студэнтаў:

Дзякую Богу за  магчымасць гэтай адукацыі, за атрыманныя веды, якія былі так важнымі для майго духоўнага развіцця і якія дапамаглі мне ў сямейным жыцці. Гэта быў плённы час у маім жыцці. Адкрыцце тых скарбаў, якія так патрэбныя нам на зямным шляху, каб знайсці сваю дарогу да неба. За час навучання шмат найважнейшых тэмаў было  агучана, шмат паняццяў патлумачана. Выкладчыкі з сардэчнай радасцю дзяліліся з намі інфармацыяй падчас навучання, дапамагаючы нам развівацца і ўзрастаць. Атрымлівалі веды мы не толькі падчас навучання. Падчас летняга адпачынку былі арганізаваны рэкалекцыі для сем’яў удзельнікаў ШСЖ. 

Дзякуючы гэтаму цудоўнаму перыяду ў маім жыцці я атрымала ад Бога ў падарунак цудоўных і надзейных сяброў, з якімі надалей крочу па жыцці.

Тэмы выхавання дзяцей далі нам важны накірунак у жыцці, каб мы выканалі нашы бацькоўскія абавязкі і маглі годна выхоўваць дзяцей, даручаных нам Панам Богам у зямным жыцці.

Дзякую Богу, што дазваляе мне дзяліцца атрыманымі ведамі з іншымі і кожны раз дапамагае ў гэтай дзейнасці. Вельмі заахвочваю ўсіх да навучання ў гэтай установе. Скарыстайцеся тым, што так важна ў нашым жыцці, што адназначна зменіць погляд на многія рэчы і дапаможа наблізіцца да Бога.

Студэнтка ШСЖ 2011-2014 год навучання Лілія А.

Я паступіла ў школу ў 2019 годзе, тады я яшчэ не ведала, што чакаем з мужам дзіцятка. Потым у мяне быў вялікі перапынак, бо спачатку гадавалі першага, потым атрымалі ад Бога благаслаўленне і нарадзіла я другое дзіцятка, таму я паступіла зноў на першы курс. А цяпер я матуля траіх дзетак і жонка свайго мужа, сястра сваіх братоў, дачка сваёй мамы і воін Пана Бога… Ці скажаце, у мяне доўгі ўступ, але ж усё вяло да таго, што я зараз прагну яшчэ больш ведаў, прагну пачуць яшчэ больш слоў-вектараў ад выкладчыкаў ШСЖ, прагну стаць лепшай для сябе, а не для іншых, прагну любіць Бога і быць з ім, прагну быць шчаслівай і дарыць шчасце вакол. Усё гэта я знайшла ў ШСЖ, праз лекцыі, праз майстар-класы, праз размовы, шчырыя выказванні вучняў школы.

Я сведчу, а мой унутраны дух радуецца, абдымае мяне, супакойвае і ўзгадвае, што наперадзе новы вучэбны год у школе.

Студэнтка Вольга А.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі