У Мілане прадстаўлена ініцыятыва, якая мае на мэце стварэнне вялікай сеткі старадаўніх і новых паломніцкіх маршрутаў па ўсёй Італіі да Юбілейнага года.
Канферэнцыя Біскупаў Італіі (CEI) прадставіла новы маштабны праект «Шляхі Веры», накіраваны на развіццё паломніцтва ў краіне. Прэзентацыя адбылася 15 сакавіка 2025 года ў Мілане ў рамках нацыянальнай выставы «Fa’ la cosa giusta».
«Паломніцтва – гэта метафара неадкладнасці змен, навяртання, якое складаецца з адмаўлення, любові і гатоўнасці ісці за праўдай», — падкрэсліў арцыбіскуп Джузэпэ Батуры, Генеральны сакратар CEI.
Маштабная ініцыятыва прадугледжвае комплекснае картаграфаванне ўсіх існуючых паломніцкіх маршрутаў на Апенінскім паўвостраве. У якасці пілотнага праекта вылучаны сем знакавых шляхоў, якія вядуць да Вечнага горада і атрымалі статус Юбілейных шляхоў Касцёлаў Італіі.
«Паломніцтва патрабуе гатоўнасці да ахвяр і адмаўлення ад звыклага: нельга ісці за Панам, набліжацца да Яго, не пакінуўшы ўтульнасць дома, не адмовіўшыся ад некаторых выгод і ўкаранёных поглядаў», — падкрэсліў арцыбіскуп Батуры.
Сярод прапанаваных маршрутаў – Паўночны Франкскі шлях (Via Francigena del nord), Паўднёвы Франкскі шлях (Via Francigena del sud) – назва азначае «дарогу, якая ідзе з Францыі» – Шлях Францішка (Via di Francesco), Лаўрэтанскі шлях (Via Lauretana), Амерынскі шлях (Via Amerina) або Шлях Святла, Шлях Рамэа Страта (Via Romea Strata) і Шлях Мацільды (Via Matildica). Кожны з гэтых маршрутаў мае сваю ўнікальную гісторыю і духоўнае значэнне, што робіць іх прывабнымі для пілігрымаў з усяго свету.
Вернікам прапануецца прайсці як мінімум 100 кіламетраў пешшу ці 200 кіламетраў на веласіпедзе па любым з Юбілейных шляхоў. Пасля дасягнення гэтай адлегласці спецыяльная праграма выдасць сертыфікат, які дазволіць атрымаць «Testimonium» ад кампетэнтных улад падчас Юбілею.
Ініцыятыва італьянскага епіскапату накіравана на тое, каб зрабіць паломніцтва больш даступным і прывабным для вернікаў з усяго свету, а таксама падкрэсліць духоўнае значэнне падарожжа як сімвала навяртання і пошуку Бога.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
