Салезіяне зладзілі традыцыйную малітву на могілках памерлых сабратоў

31 кастрычніка, напярэдадні ўрачыстасці ўсіх святых, па добрай традыцыі сабраты салезіяне разам з прадстаўнікамі сясцёр салезіянак і салезіянаў супрацоўнікаў наведалі могілкі і памаліліся за памерлых салезіянаў, якія калісьці неслі служэнне ў Беларусі.

Салезіяне наведалі моглікі памерлых сабратоў у Дзятлаве і Дварцы. Пасля малітвы на могілках у Дварцы адбылася св. Імша за памерлых. Менавіта ў гэтую вёску больш за сто гадоў таму прыбылі першыя на нашай зямлі салезіяне, якія пачалі сеяць тут зерне харызмы святога Яна Боско.

Перад Эўхарыстыяй рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB зачытаў імёны памерлых сабратоў, якія ў апошнія сто год працавалі на беларускай зямлі і за якіх цэлебравалася святая Імша.

З казаннем да прысутных звярнуўся пробашч салезіянскай парафіі імя Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах ксёндз Казімір Шыдэлко SDB. Святар на падставе яскравых прыкладаў з жыцця запрасіў прысутных звярнуць увагу на асабістую падрыхтоўку кожнага да ўласнага адыходу з гэтага свету. Бо ні хто не ведае ні дня, ні гадзіны, калі Пан яго пакліча. Варта навесці парадак у сваіх справах, варта быць падрыхтаваным заўсёды, а не чакаць зручнай гадзіны. “Дай Бог, каб кожны з нас пачуў такія словы, якія мы знаходзім у святым Пісанні: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету”, – такім пажаданнем ксёндз Казімір завяршыў сваю навуку.

Пасля святой Імшы і супольнага абеду сабраты вярнуліся на месцы свайго служэння.

sdb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі