Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі працягне служэнне ў Афрыцы

Ксёндз Махэр Шаммас

Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас, які да прызначэння арцыбіскупа Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі выконваў абавязкі Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў нашай краіне, працягне служэнне ў Афрыцы.

Як было паведамлена 8 красавіка Дзяржаўным Сакратарыятам Святога Пасаду, згодна з рашэннем Папы Францішка ксёндз Махэр Шаммас працягне служэнне на дыпламатычнай службе Ватыкана ў Апостальскай нунцыятуры ў Гане.

Апостальскім нунцыем у гэтай заходнеафрыканскай краіне з мая мінулага года з’яўляецца арцыбіскуп Генрых Ягадзінскі, які таксама звязаны з Беларуссю. Менавіта ў нашай краіне ў 2001 годзе ён распачаў сваю дзейнасць на дыпламатычнай службе Ватыкана ў якасці сакратара Апостальскай нунцыятуры і таксама пэўны час выконваў абавязкі Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь.

Ксёндз Махэр Шаммас, які паходзіць з Лівана, распачаў службу ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ў 2019 годзе.

Варта адзначыць, што ён як прадстаўнік Папы не абмяжоўваў сваё служэнне выключна выкананнем дыпламатычных функцый. Па меры магчымасці, святар браў удзел у цэлебрацыях з удзелам вернікаў і дапамагаў у душпастырстве замежных студэнтаў.

Catholic.by

для друку для друку