З 18 па 22 красавіка салезіяне кс. Боска перажывалі штогадовыя рэкалекцыі, якія сёлета прайшлі ў Росі. У бягучым годзе рэкалекцыі асаблівыя, бо салезіянскае Таварыства адзначае 100-годдзе сваёй дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рэкалекцыі правёў Мітрапаліт на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе sdb.by.
Гэтыя дні сталі часам духоўнай адновы і ўзмацнення, каб пасля іх ксяндзы з новымі сіламі маглі рэалізоўваць салезіянскае і святарскае пакліканне ў сучасным свеце. На працягу пяці дзён салезіяне пад кіраўніцтвам рэкалекцыяніста прысвячалі час малітве і разважанню над асноўнымі аспектамі кансэкраванага жыцця.
Ужо стала традыцыяй, што падчас рэкалекцый салезіяне наведваюць каталіцкія святыні Беларусі. Гэты год не стаў выключэннем і святары пабывалі ў касцёлах у Струбніцы, Зэльве, Міжэрычах. Перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі Міжэрыцкай удзельнікі рэкалекцый цэлебравалі св. Імшу.
Важным аспектам у сёлетніх рэкалекцыях стаў дзень малітвы ў інтэнцыі ўсіх памерлых сабратоў салезіянаў, якія на працягу апошніх 100 гадоў працавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У апошні дзень рэкалекцый салезіяне цэлебравалі св. Эўхарыстыю пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі. Падчас св. Імшы адбыўся абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў чысціні, паслухмянасці і беднасці.
Мітрапаліт на пенсіі Тадэвуш напрыканцы Эўхарыстыі павіншаваў сабратоў салезіянаў з юбілеем прыстунасці на нашых землях і выказаў словы ўдзячнасці за працу Таварыства і яго вялікі ўнёсак ў адраджэнне веры на Беларусі.
для друку