Рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў прайшлі ў гродзенскай семінарыі

З 19 па 21 ліпеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў.

Удзельнікі рэкалекцый прыбылі з розных месцаў Беларусі. Рэкалекцыі давалі магчымасць засяродзіць увагу на малітве. Таксама ўдзельнікі знаёміліся з беларускімі санктуарыямі – месцамі жывога культу і народнай пабожнасці. Ім дапамагаў у гэтым духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла.

Рэкалекцыі распачаліся вячэрняй святой Імшой у капліцы семінарыі. Літургію цэлебраваў рэктар семінарыі кс. канонік Віталь Вайцяхоўскі.

20 ліпеня ўдзельнікі наведалі месца спачыну жыхароў Гродна і Ліпска ў Навумавіцкім лесе, дзе ўзялі ўдзел у св. Імшы ў 81-ю гадавіну іх мучаніцкай смерці. Акрамя таго, яны пабывалі ў катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай Кангрэгацкай узнеслі малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Духоўныя практыкаванні скончыліся ўрачыстай нядзельнай Эўхарыстыяй у гродзенскай катэдры. Перад развітаннем кс. Ян Сарэла благаславіў кожнага з удзельнікаў у зваротны шлях.

Дні, праведзеныя ў семінарыі, сталі для маладых людзей дапамогай ва ўмацаванні адносін з Богам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі