Рэалізаваны талент служэння Пану Богу. 25-годдзе манаскага жыцця сястры Марыі Шамовіч адзначылі ў Віцебску

6 жніўня ў віцебскай парафіі Святога Антонія адбылася юбілейная ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця сястры Марыі Шамовіч, якая служыць у Віцебскай дыяцэзіі. Святую Імшу ўзначаліў канцлер курыі ксёндз-канонік Віктар Місевіч. На літургіі прысутнічалі ксёндз-канонік Аляксей Ляшко, сёстры і парафіяне.

Як адзначыў у сваім казанні пробашч парафіі ксёндз-канонік Сяргей Сурыновіч, “юбілей — гэта цудоўная нагода падзякаваць Пану Богу за пакліканне, вялікая падзея для парафіі, невымерны дар для ўсіх прысутных, жывое сведчанне вернасці, адданасці, шчырага служэння Пану Богу і касцёлу”.

Паколькі асабістая ўрачыстасць сястры Марыі шчасліва супала са святам Перамянення Пана, кс. Сяргей пажадаў ёй следам за Езусам Хрыстом падымацца на гару няспыннага духоўнага перамянення і ўдасканалення.

Вочы сястры Марыі поўніліся светлай радасцю, як і дваццаць пяць гадоў назад, калі яна зрабіла першыя крокі па дарозе служэння Пану Богу.

“Я ніколі не сумнявалася ў сваім духоўным выбары, не траціла пачуцця радасці ў служэнні Пану Богу. Адчуваю спакой ад таго, што на сваім месцы ў жыцці”, — адзначыла сястра Марыя.

Падагульненнем урачыстасці сталі сардэчныя віншаванні ад святароў, вернікаў і смачны супольны пачастунак.

Прысутныя сталі ўдзельнікамі інтэрв’ю на тэму «Што такое шчасце?», якое падрыхтавала і правяла юная парафіянка Лізавета Раманенка.

Ірына Саматой, тэкст
кс. Сяргей Сурыновіч, фота

для друку для друку