“У той час:
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?
Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.
А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй.
Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.
А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма”.
Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам сустрэчу Езуса з чалавекам, у якога “была вялікая маёмасць”. Ён з’яўляецца ў натоўпе, падае на калені і распытвае Настаўніка аб вечным жыцці. Яго спосаб задаць пытанне Езусу выглядае шчырым і нараджаецца з жадання працягваць служыць Богу, так, як ён гэта рабіў і захоўваў з маладосці.
Мы бачым, што Езус, гледзячы на яго з умілаваннем, адразу разумее, што яго шляхетнаму жаданню “нестае аднаго”. Настаўнік заўсёды вучыў, што адносіны з Богам прадугледжваюць аддачу ўсёй нашай істоты і ўсіх нашых рэчаў у Яго распараджэнне без умоў. Па гэтай прычыне Езус без ваганняў пытаецца ў Яго аб тым, што было для яго даражэйшае, аб маёмасці: “ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною”.
З пачутага Евангелля мы ведаем, што, сутыкнуўшыся з такім заклікам, гэты чалавек засумаваў. Магчыма, ён быў гатовы пайсці на шмат ахвяр, каб быць верным Богу, але рабіў бы гэта спосабамі, якія адпавядалі яго ўласным густам, пазбягаючы таго, што сапраўды патрабуе ахвяры.
І таму, гэты чалавек палічыў за лепшае адмовіцца ад Езуса, чым адмовіцца ад сваёй маёмасці. Пасля такога выбару “адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць”. На жаль, ён не зразумеў, што ісці за Панам, гэта значна большы скарб, чым маёмасць, якая не дае жыцця вечнага.
Сённяшняе Евангелле перасцерагае нас ад спакусы думаць, што існуюць аспекты нашага жыцця, духоўнага ці матэрыяльнага, у якія Бог не мае права ўваходзіць. Гэты малады чалавек лічыў, што выкананне шэрагу правіл і запаведзяў дастаткова, каб жыць згодна са сваёй рэлігіяй. Ён забыўся, што на самой справе гаворка ідзе пра ўваходжанне ў адносіны любові з Богам, жывыя, дынамічныя, з пастаяннай гатоўнасцю адмовіцца ад усяго, калі гэтага просіць Настаўнік.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку