Разважанне на XXVII звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 10, 2–12

“У той час:

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту”.

Пачутае сёння Евангелле падкрэслівае важную рэчаіснасць нашага жыцця: сям’ю. Кожны чалавек нараджаецца ў сям’і. Многія стварылі свае сем’і. Безумоўна, існуюць таксама сем’і, дзе ёсць раны, клопаты і пакуты. Але сям’я ёсць і застанецца вялікім Божым планам: мужчына, жанчына, жыццё. Так, як кажа нам Біблія, Божае Слова скіраванае для нас у кнізе Быцця і ў Евангеллі: “бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела”.

Фарысеі выпрабоўваюць Езуса. А Ён, адказваючы на выпрабаванне, запрашае вярнуцца да вытокаў, да таго плану любові, які Бог напісаў у сэрцы кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, — кахаць і быць каханымі цалкам і назаўжды.

Пытанне фарысеяў гарэзлівае. На самой справе іх не цікавіць меркаванне Езуса на тэму разводу, яны хочуць толькі “падставіць” Настаўніка, прымусіць яго стаць на бок кансерватараў ці прагрэсістаў. Але Езус, як заўсёды, зрушвае праблему і выцясняе фарысеяў, прапаноўваючы новы погляд.

Сапраўды, Майсей дазволіў напісаць развадны ліст і адпусціць сваю жонку, але ён зрабіў гэта, каб абмежаваць шкоду. Езус жа запрашае нас прыгадаць першапачатковую задуму Бога Айца, той гарачы пераліў любові, які ляжыць у пачатку стварэння. Сужэнскі саюз які мы знаходзім на першых старонках Кнігі Быцця, уяўляе сабой не настальгічны ўспамін пра мінулае, але прароцтва на сённяшні дзень. У Кнізе Быцця гаворка не ідзе пра нашае паходжанне, а пра нашу непаўторнасць: мы створаны, каб любіць такой жа любоўю, якой любіць Айцец.

Езус нагадвае нам, што Бог дае сужэнцам вельмі важнае заданне, — перадаць у свет Яго верную, плённую і гарачую любоў. Гэта і ёсць пакліканне хрысціянскага сужэнства.

Вярнуўшыся дадому, вучні просяць растлумачыць лепш тое, што было сказана фарысеям. Наколькі прыгожыя гэтыя адносіны настаўніка і вучняў. У цішыні дома Езус працягвае навучанне. Ён удакладняе: паколькі шлюб непарыўны, кожны, хто кідае свайго сужонка і далучаецца да новага партнёра, прыраўноўваецца да распусніка.

Але каб захаваць вернасць, патрэбна вера! Небяспечна думаць, што сужэнская прысяга, выказаная з верай у дзень шлюбу, і якая больш не падтрымліваецца духоўна, можа трымаць повязь паміж мужчынам і жанчынай. Моцная, дарослая і сталая вера здольная падтрымліваць жыццёвы выбар да канца.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко  

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі