“У той час:
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.
І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго”.
Сённяшні евангельскі ўрывак пачынаецца з пытання: “Кім людзі лічаць Мяне?”. Адказы вучняў адпавядаюць таму, што думаюць і кажуць людзі. Можам зазначыць, што гэта пазітыўныя адказы, якія выказваюць пашану і павагу да Езуса, але яны застаюцца няпоўнымі, таму што спрабуюць раскрыць таямніцу Езуса, параўноўваючы Яго з іншымі асобамі ў гісторыі збаўлення. Усе гэтыя адказы не выяўляюць навізны і ўнікальнасці асобы Хрыста.
І Езус задае сваім вучням другое, прамое, асабістае пытанне: “А вы кім лічыце Мяне?”. Пётр адказвае: “Ты — Хрыстус”. Гэты адказ адпавядае праўдзе, але патрабуе ўдакладнення. Вось чаму Езус забараняе сваім вучням гаварыць пра Яго людзям і пачынае адкрываць ім сваё сапраўднае месіянства: тое, што Ён павінен пакутаваць і памерці. Ён не вызваліцель у тым сэнсе, аб якім мараць юдэі, але Збаўца згодна з Божым планам. Хрыстус “павінен” прайсці шлях, які прывядзе яго да крыжа, каб ахвяраваць сваім жыццём дзеля збаўлення ўсіх. Езус — Сын Чалавечы, які ідзе да крыжа.
Паколькі ўяўленне ў вучняў аб Месіі недастатковае, Езус пачынае новае вучэнне, новае аб’яўленне. І сам Пётр, які ўпэўнена абвясціў: “Ты – Хрыстос”, жорстка супраціўляецца гэтаму новаму аб’яўленню Езуса. Месія, якога чакаюць ён і яго субраты, — гэта той, хто забівае іншых, калі гэта неабходна, той, хто перамагае мячом, а не той, хто праігрывае і ідзе на смерць. Але Езус з’яўляецца Хрыстом, якім хоча Яго Бог, а не такім, якім хочуць бачыць Яго людзі. Ён прыйшоў, каб змяніць свет, і гэта патрабуе, перш за ўсё, змена чалавечага ладу мыслення і змена напрамку вяртання да Бога.
Евангелле вельмі добра зразумелая рэч. Бог ёсць любоў, якая дае жыццё і дасягае ўваскрасення праз беднасць, пакору, прыніжэнне і смерць на крыжы. Чалавек — гэта эгаізм, які імкнецца выратаваць сябе і спараджае смерць праз пошук валодання, улады і выгляду. Гэтыя два спосабы існавання і паводзін несумяшчальныя паміж сабой. Калі хрысціянін “дзеля добрай мэты” хоча будаваць Божае Валадарства з матэрыялу, адкінутага Хрыстом (валоданне, улада, выгляд), на самой справе ён будуе валадарства сатаны. Ён апрануты ў форму Хрыста, але гуляе ў камандзе саперніка, і такім чынам яму лягчэй прымусіць свайго сапраўднага гаспадара, д’ябла, перамагчы. Пра гэта таксама папярэджваў нас Езус: “Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя”.
Ілжэпрарокі — гэта хрысціяне, якія кажуць і робяць інакш, чым вучыць Евангелле. Сапраўдны хрысціянін — гэта той, хто ідзе за ўкрыжаваным Езусам, адракаецца ад самога сябе, бярэ свой крыж і ідзе за Ім, бедным, пакорным і прыніжаным, на Кальварыю, каб там памерці і ўваскрэснуць разам з Ім.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку