“У той час:
Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! — што значыць: Адкрыйся. І адразу ж адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.
Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць”.
У сённяшнім урыўку евангеліст Марк паказвае Езуса на “паганскай” тэрыторыі, у рэгіёне, дзе жылі людзі, якія не вызнавалі юдэйскай рэлігіі, той, якую вызнаваў Езус. Аднак нягледзячы на рэлігійныя і культурныя адрозненні паміж жыхарамі Дэкаполіса і жыхарамі Назарэта ці Ерузалема, да Езуса прыносяць чалавека з праблемай, якая можа датычыць як веруючых, так і няверуючых, як багатых і так і бедных: глуханямога. Мы можам толькі паспрабаваць уявіць праблему гэтага чалавека, які з’яўляецца “адключаным” ад жыцця, ад супольнасці, бо не мае магчымасці гаварыць і слухаць.
Езус адводзіць глуханямога “далей ад натоўпу”. Натоўп не можа прысутнічаць пры гэтым. Мы, якія слухаем евангельскі тэкст, так. Але чаму Езус адводзіць яго далей? Каб мы зразумелі, што для аздараўлення, як фізічнага так і духоўнага, нам трэба адысці “далей ад натоўпу”, наблізіцца да Езуса і быць з Ім у пастаянным кантакце.
Робячы цуд аздараўлення Езус выкарыстоўвае моц і любоў Бога (якія сімвалізуюцца ў дотыку рук), каб вызваліць чалавека не толькі ад фізічнай глухаты, але, перш за ўсё, ад больш глыбокай глухаты, ад няздольнасці слухаць Бога і іншых, бо ён замкнёны ў сабе. І ад гэтай глухаты паходзіць яго няздольнасць сапраўдна размаўляць з іншымі.
Езус робіць пэўныя жэсты: укладае пальцы ў вушы глуханямога і са слінай на пальцах (якая, паводле тагачаснай ментальнасці, мела аздараўленчы эфект), дакранаецца да яго языка. Два жэсты ў адносінах да дзвюх хворых частак. Потым глядзіць на неба, уздыхае і кажа: Эффата! Адкрыйся!
Глуханямы, які пакланяўся паганскім багам, увасабляе стан кожнага чалавека. Мы глухія да слова Божага і нямыя. Не ведаем яго, а таму не можам перадаць яго іншым. Аднак патрабуем чуць Божае слова, прымаць яго, шанаваць і перадаваць іншым. Не маем права затрымліваць гэты скарб толькі для сябе.
Езус адводзіць глуханямога далей ад натоўпу, каб не было “бамбардзіроўкі” словамі, падказкамі, вобразамі, адчуваннямі, якія ўвесь час стымулююць нас, адцягваючы нашую ўвагу ад галоўнага, ад унутранага духоўнага свету. У эпоху сацыяльных сетак шмат людзей звязаны са светам, маюць мільёны “сяброў” і падпісчыкаў, публікуюць тое, што трэба і што не трэба, а на самой справе з’яўляюцца самотнымі, замкнёнымі ў сабе, не здольнымі да канца выслухаць іншага, сказаць абгрунтаваныя, глыбокія і праўдзівыя словы. Свет перапоўнены адзінотай. Сённяшні свет хварэе “слоўнай буліміяй”: кожны выказвае сваё меркаванне, часам не ведаючы, аб чым гаворыць, і не мае пакоры, каб выслухаць іншага.
Дзякуючы сустрэчы з Езусам адбываецца аздараўленне глуханямога, якое выводзіць яго з ізаляцыі. Таксама адбываецца і з намі: калі мы не з Езусам, калі мы не слухаем Яго слоў, мы рызыкуем абмяняць дабро на зло, пражыўшы “лёгкае жыццё”. Менавіта па гэтаму нам неабходна прынамсі кожную нядзелю адыходзіць з Езусам далей ад натоўпу, каб уважліва слухаць Яго, дазваляць дакранацца да нашых вушэй і языка, да розуму і сэрца. Нам неабходна кожны дзень знаходзіць час, каб разважаць над Яго словам і падмацоўвацца здаровым вучэннем Касцёла.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку