Разважанне на пятніцу пасля Папяльца

Евангелле Мц 9, 14–15

У той час:

Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?

А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць.

Сённяшняе Евангелле паводле Мацвея прапануе нам думкі пра важнасць радасці і посту ў нашым хрысціянскім жыцці. У гэтым урыўку вучні Яна Хрысціцеля і фарысеі задаюць пытанне Езусу пра пост, і ў адказе Езуса мы знаходзім глыбокія духоўныя ўрокі.

Вучні Яна Хрысціцеля прыйшлі да Езуса і запыталіся: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?» (Мц 9, 14). Гэтае пытанне ўзнікае з-за іх няўпэўненасці і непаразумення, чаму вучні Езуса не прытрымліваюцца традыцыйнага посту, які быў важнай часткай рэлігійнага жыцця габрэяў.

Фарысеі, згодна з Законам Майсея, пасцілі ў панядзелкі і чацвяргі, а таксама захоўвалі пост у Дзень Адкуплення (гбр. יום כיפור), які лічыўся самым важным святам, днём асаблівага посту, пакаяння і адпушчэння грахоў. Вучні Яна прызвычаіліся да аскетычнага жыцця свайго настаўніка, жылі ў яшчэ большым утаймоўванні і абмежаванні сябе праз строгія пасты і пакутныя практыкі, таму не зразумелі зладжанае для Хрыста і Яго вучняў застолле.

Езус адказвае на іх папрокі, выкарыстоўваючы метафару вяселля: «Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць» (Мц 9, 15). Езус параўноўвае сябе з жаніхом, а сваіх вучняў — з гасцямі вяселля. У габрэйскай культуры вяселле было часам вялікай радасці і святочнасці. На працягу тыдня пасля шлюбу маладыя трымалі адкрытым свой дом для ўсіх гасцей, з маладым і з маладой абыходзіліся як з каралём і каралевай. Найбліжэйшыя сябры, якія банкетавалі ўвесь гэты час з маладымі, называліся «сынамі вясельнай святліцы».

Езус параўноўвае сябе з жаніхом, а сваіх вучняў — з найбліжэйшымі сябрамі жаніха — «сынамі вясельнай святліцы». Як можа такая кампанія быць сумнай і панурай? Праз гэты аповед Езус павучае нас: быць разам з Езусам — гэта радасць. У прысутнасці Хрыста жыццё кіпіць і б’е ключом, таму не можа быць хрысціянства пагружаным у змрок і жалобу. Чалавек, які ідзе побач з Езусам Хрыстом, крочыць ў арэоле радасці.

Асноўная праблема збянтэжанасці і прэтэнзій у сённяшнім Евангеллі заключаецца ў тым, што фарысеі і вучні Яна не распазналі ў Хрысце праўдзівага Месію, крыніцу сапраўднай радасці і весялосці. Гасціна ніколі не трывае доўга, таму вучні Езуса выкарысталі час Яго прысутнасці, радаваліся з Ім ды святкавалі. Для тых жа, хто пабачыў у гэтай нагодзе для весялосці згаршэнне, Езус тлумачыць: «Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць» (Мц 9, 15).

Для вучняў Яна Хрысціцеля час смутку ўжо настаў, бо Ян быў пасаджаны ў турму. Для вучняў Езуса гэты час таксама надыдзе, калі яны сутыкнуцца з цяжкасцямі і выпрабаваннямі ў будучым. Гэта нагадвае нам, што ў жыцці ёсць моманты радасці і моманты смутку, але Бог заўсёды з намі, нязменны і верны.

Езус ведаў, што наперадзе Яго чакае крыжовы шлях, мужна пайшоў гэтым шляхам. Хрысціянскі шлях — гэта не толькі радасць, але і выпрабаванні, якія трэба прыняць і вынесці. Мы павінны быць гатовыя несці свой крыж і зносіць усе цяжкасці дзеля вернасці Хрысту. Гатоўнасць прыняць свой крыж — гэта знак нашай веры і любові да Бога.

Пост жа, які мы зараз перажываем, з’яўляецца часам падрыхтоўкі да ўрачыстай сустрэчы з трыумфуючым і ўваскрослым Хрыстом. Набліжэнне да гэтай падзеі прадугледжвае пэўныя грунтоўныя намаганні, працу волі праз устрыманне сябе ад ежы, праз ўмярцвенне і падпарадкаванне свайго цела, што аднак не з’яўляецца мэтай самой па сабе, а павінна дапамагчы нам уваскрэснуць з Хрыстом.

Вялікі пост у яшчэ большай ступені з’яўляецца часам працы духа праз авалодванне свайго розуму ў яго эгаістычных праявах і памкненнях, перыядам пакаяння дзеля аднаўлення нашай тоеснасці, гэта значыць часам новага адраджэння “з вышыні”, з любові Бога. Самым адпаведным і своечасовым жыццёвым імгненнем дзеля нашага навяртання, шляху ад нявольніцтва да свабоды.

Наша вернасць Богу будзе ўзнагароджана ў вечным жыцці, Бог ніколі не пакіне нас у цяжкія моманты. Пост і радасць у прысутнасці Езуса — гэта дзве важныя часткі нашага жыцця, якія дапамагаюць нам быць бліжэй да Бога і жыць паводле Яго запаведзяў.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Сяргей Сурыновіч

для друку для друку