У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.
Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Раніцай першага дня тыдня, калі яшчэ ляжала цемра над Ерузалемам, адбылося нешта, што назаўсёды змяніла гісторыю чалавецтва. Марыя Магдалена, верная паслядоўніца Хрыста, прыйшла да магілы Езуса, каб намасціць Яго цела паводле габрэйскіх звычаяў, але сустрэла нечаканае — камень, які загараджваў уваход у магілу, быў адсунуты. Яе сэрца ахапіў жах і бязладзіца думак: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго». Гэтыя словы, поўныя разгубленасці і непакою, страху і безвыходнасці, сталі першай чалавечай рэакцыяй на ўваскрасенне Збаўцы.
Як часта і нашы сэрцы дрыжаць у ваганнях і няпэўнасці, у трымценні і расчараванні , калі мы сустракаем уласную «пустую магілу» — цяжкасці, расчараванні, страты, якія здаюцца канцом усяго. Стаім перад магіламі страчаных мар, разбітых адносін, не дасягнутых мэт. Пустата, якая нас акружае ў падобных жыццёвых сітуацыях, здаецца бясконцай і безвыходнай, непадатлівай і непраходнай для святла. У падобныя моманты нам здаецца, што Бог далёка, што Яго любоў і падтрымка нас пакінулі. Але такі спосаб мыслення часта з’яўляецца чалавечым імкненнем здацца перад выпрабаваннямі і цяжкасцямі, апусціць рукі і бачыць толькі цемру перад сабой.
Пустая магіла ў духоўным сэнсе — гэта месца, дзе мы пачынаем пазнаваць Бога як таго, хто перавышае ўсе нашы чаканні. Гэта месца, дзе чалавек пакідае свой боль і няпэўнасць, каб атрымаць надзею і ўбачыць святло, якое было схаванае пад каменем уласных цяжкасцяў. Пан не адварочваецца ад нас — Ён ідзе побач, нават калі мы не адразу гэта разумеем. Магчыма, менавіта ў глыбокай пустаце нашага сэрца Бог рыхтуе глебу для вялікіх дароў і сваіх благаслаўленняў.
Разважаючы над сённяшнім Евангеллем, мы можам даведацца глыбокую праўду: Бог здольны пераўтварыць нішто і пустату, асвятліць самую непраходную і змрочную цемру. Пустая магіла, якую Марыя Магдалена і вучні ўспрынялі як трагедыю, стала першым крокам на шляху да зразумення вялікай таямніцы ўваскрасення. Тое, што здаецца канцом і абрывам усяго, можа быць не проста новай старонкай, а пачаткам цалкам новай кнігі, напісанай Божай любоўю і ласкай. Нашы страхі, разбурэнні і няўдачы могуць стаць магчымасцю для новага жыцця, калі мы адкрыем сваё сэрца для веры і даверу.
Вестка Марыі хутка дайшла да вучняў. Двое з іх — Сымон Пётр і той вучань, якога любіў Езус, — кінуліся да магілы. Яны беглі разам, але іх шляхі веры аказаліся рознымі. Улюбёны вучань прыбягае першы, схіляецца, заглядае ўнутр і бачыць палотны, але не ўваходзіць. Яго вера яшчэ недасканалая, ён вагаецца. Пётр уваходзіць першы. Ён уважліва аглядае ўсё: і палотны, і хусту, якая была на галаве Хрыста, скручаную і пакладзеную асобна.
Калі ўваходзіць другі вучань, бачыць усё гэта — у ім нараджаецца вера. Яго вера нарадзілася не з разумення Пісання (бо, як кажа Евангеліст, «яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых»), а з асабістага вопыту, ад сустрэчы з таямніцай. Вось дзе крыецца глыбіня сённяшняга паслання: вера часта прыходзіць не праз разважлівае вывучэнне праўды, а праз асабістую сустрэчу з Жывым Богам.
Пустая магіла — гэта больш, чым проста сведчанне ўваскрасення, больш, чым доказ канчатковай перамогі над смерцю. Гэта выраз Божай любові, якая выходзіць за межы нашага разумення. Хрыстус, які мог бы адразу з’явіцца перад вучнямі ва ўсёй сваёй славе, абраў іншы шлях — маўклівага, лагоднага і паступовага сведчання. Ён пакінуў сляды і знакі, якія сведчаць аб Яго перамозе. Гэтыя сляды запрашаюць нас да пошуку, да роздуму, да ўнутранага перажывання найвялікшай таямніцы.
Камень, які адсунуты ад уваходу, — гэта сімвал таго, што нішто не можа стрымаць Божую моц. Палотны, пакінутыя ў магіле, быццам гавораць: «Смерць страціла ўладу, Яго цела болей не тут». А хустка, старанна скручаная і пакладзеная асобна, — гэта знак парадку, дбайнасці, увагі да дэталяў, які Хрыстус нам пакінуў. Гэта не хаатычны акт уцёкаў з магілы, а ўпэўнены, свядомы жэст уваскрослага Пана.
Гэтыя сляды становяцца для нас выклікам. Бог не дае нам відавочнасці, якой нельга аспрэчыць, але запрашае нас разважаць і адкрываць Яго таямніцу паступова. Праз гэтыя знакі мы разумеем: Божая любоў праяўляецца ў тым, каб даць нам шлях да веры, які мы праходзім не са страхам, а з даверам.
Пустая магіла — гэта як прыпавесць, укладзеная ў нашу асабістую гісторыю жыцця: яна заклікае кожнага з нас увайсці ў яе і сустрэць Бога ў прасторы таямніцы. Камень адсунуты, каб мы маглі ўвайсці; палотны пакінуты, каб мы маглі зразумець перамогу; хуста скручаная, каб мы маглі ўсвядоміць, што ўсё гэта не выпадковасць. Кожны з гэтых элементаў раскрывае любоў Бога, які хоча, каб наш шлях да веры быў асабістым і свядомым.
Такім чынам, магіла становіцца не месцам смерці, а месцам сустрэчы з фактам Божай перамогі. Гэтыя знакі падтрымліваюць нас, калі мы шчыра шукаем праўду, і нагадваюць, што Бог заўсёды з намі, вядзе нас праз нашу ўласную пустату да паўнаты жыцця.
Сённяшняе Евангелле таксама вельмі чалавечае. Яно не ўпрыгожвае вучняў, не робіць з іх недасягальных герояў веры. Яны бягуць, яны здзіўляюцца, яны не адразу ўсё разумеюць. І ў гэтым мы пазнаём сябе. Колькі разоў мы самі стаялі перад таямніцай Бога, не ведаючы, як яе зразумець? Колькі разоў наша вера была няпоўнай, як у вучня, які толькі зазірнуў у магілу? Але важна не гэта. Важна, што ён усё ж паверыў.
Пустая магіла — гэта пачатак новага жыцця не толькі для Хрыста, але і для кожнага з нас. Ён перамог не толькі сваю смерць, але і нашу. Ён адкрыў нам дар да сапраўднага жыцця — жыцця ў Валадарстве Божым, якое ўжо сярод нас.
Сёння Касцёл радуецца, бо Хрыстус жывы! Але гэтая радасць — не проста ўспамін аб мінулай падзеі. Гэта жывое перажыванне Яго ўваскрасення зараз і сёння. Кожная Эўхарыстыя — гэта сустрэча з уваскрослым Хрыстом. Кожны раз, калі мы прымаем Яго святое Цела, мы стаім ля пустой магілы і чуем: «Ён жывы, Ён сярод нас!» І гэта жывая рэальнасць, якая працягвае натхняць нас і напаўняць нашы сэрцы радасцю. У кожным святкаванні Эўхарыстыі мы аднаўляем нашу сувязь з Богам, перажываючы Яго прысутнасць і міласэрнасць.
Усе мы пакліканыя да адной праўды: Хрыстус сапраўды ўваскрэс, смерць пераможана, і нашае жыццё набыло новы сэнс. Гэта не проста тэалагічная канстатацыя фактаў, гэта пацвярджэнне таго, што наша вера ў Бога з’яўляецца асновай для перамогі над усімі цяжкасцямі, якія могуць сустрэцца на нашым шляху.
Няхай гэтая вера жыве ў нашых сэрцах кожны дзень. Няхай яна натхняе нас несці радасную вестку ў свет, як неслі яе вучні. Няхай нашыя дзеянні, словы і малітвы адлюстроўваюць жывую сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом і стануць сведчаннем для тых, хто яшчэ не адчуў гэтай радасці. Няхай кожны з нас, як тыя вучні, знойдзе свой шлях да веры. Магчыма, хтосьці, як Сымон Пётр, будзе даследаваць і шукаць разумення, углядаючыся ў знакі Божай прысутнасці. Хтосьці, як улюбёны вучань, адчуе ў сэрцы цёплую хвалю веры, якая нараджаецца праз асабісты досвед сустрэчы з Божай таямніцай. Хтосьці, як Марыя Магдалена, спачатку адчуе толькі боль і страту, але потым адкрые перад сабой веліч Божай перамогі.
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Гэта словы, якія гучаць з самых глыбінь нашай веры, напаўняючы сэрцы надзеяй, любоўю і святлом. Няхай яны натхняюць нас кожны дзень, асабліва ў цяжкія моманты, каб мы маглі падзяліцца радасцю Вялікадня з іншымі і сведчыць пра сваё пераўтворанае жыццё як знак Божай любові і перамогі.
Разважанні падрыхтаваў кс. кан. д–р Сяргей Сурыновіч
