Разважанне на V Велікодную нядзелю. Год В

Евангелле Ян 15, 1–8

“У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі”.

У сённяшнім Евангельскім урыўку Езус паказвае сябе, як “сапраўдная вінаградная лаза”. І робіць строгае папярэджанне аб неабходнасці прыносіць плод: “Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён [Айцец] адразае”.

Гэтае папярэджанне нам неабходна прыняць да ўвагі. Яно павінна стымуляваць ў нас сапраўднае хрысціянскае жыццё, якое прыносіць радасць. Мы з’яўляемся галінкамі, часткай Сапраўднай вінаграднай лазы і каб заставацца з ёй, неабходна прыносіць плод. У адваротным выпадку Айцец будзе вымушаны нас адрэзаць. Ён, на самой справе, не можа цярпець таго, хто лічыць сябе прыналежным да Хрыста і ў той самы час не прыносіць плоду. Таму нам трэба жыць сапраўдным хрысціянскім жыццём. Мы не можам толькі мець на сабе этыкетку “хрысціянін”, але мусім рэальна жыць унутраным і знешнім жыццём, адпаведным вучэнню Хрыста.

Далей Езус кажа: “Кожную [галінку], якая дае плод, ён [Айцец]  ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў”. Гэта адносіцца да выпрабаванняў, без якіх не існуе сапраўднага хрысціянскага жыцця і якія маюць нават пазітыўны сэнс. Бо з’яўляюцца ўмовай для прынясення больш багатага плоду нашага жыцця.

Шмат людзей праходзіла праз рознага тыпу выпрабаванні. І яны прымалі іх не толькі з пакорай, але і з пэўнай удзячнасцю. Бо ведалі, што дзякуючы выпрабаванням, яны яднаюцца з пасхальнай таямніцай Хрыста, і таму яны змаглі прынесці “яшчэ больш пладоў” для Божай хвалы і для многіх людзей.

Каб прынесці яшчэ больш пладоў, Езус кажа нам пра адну ўмову: “Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас”. Зразумела, што галінка сама з сабе не можа прынесці плод, яна патрабуе пасаджанай у зямлю вінаграднай лазы. Калі яна застаецца сама, то засохне і будзе выкінута вон. Тое самае неабходна і ў хрысціянскім жыцці. Галоўнай умовай для прынясення большых пладоў з’яўляецца нашае прабыванне ў Хрысце, бо толькі тады Ён прабывае ў нас.

Святая Камунія, якую мы прымаем, яднае Хрыста з намі і нас з Хрыстом, даючы магчымасць прыносіць “яшчэ больш пладоў”. Без святой Камуніі наўрад ці хрысціянскае жыццё можа быць плённым, бо адсутнічае гэтае моцнае з’яднанне. Галінка павінна атрымліваць сок ад вінаграднай лазы, і толькі тады зможа прыносіць плод, у іншым выпадку яна застанецца бясплоднай.

Езус кажа: “Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён”. Для кожнага сапраўднага хрысціяніна з’яўляецца вялікай радасцю ведаць, што дзякуючы адзінству з Хрыстом, яго жыццё і дзейнасць прыносяць плёны. Дзякуючы Божаму Слову мы ведаем, што галоўным плёнам, які могуць прыносіць галінкі злучаныя з вінаграднай лазой, з’яўляецца любоў.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі