Разважанне на сераду, V тыдзень Вялікага посту

Евангелле Ян 8, 31–42

У той час:

Езус сказаў юдэям, якія паверылі ў Яго: Калі вы застанецеся ў слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць.

Тыя адказалі Яму: Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому. Як жа Ты кажаш: Вы станеце свабоднымі?

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху. А нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі. Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак, шукаеце як Мяне забіць, бо слова Маё не змяшчаецца ў вас. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што чулі ад айца вашага.

Тыя сказалі Яму ў адказ: Абрагам наш айцец.

Езус сказаў ім: Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама. А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце ўчынкі айца вашага.

Яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя; мы маем аднаго Айца — Бога.

Езус сказаў ім: Калі б Бог быў вашым айцом, вы б і Мяне любілі. Бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.

У сённяшнім Евангеллі мы сустракаем апошнюю навуку Езуса, скіраваную да габрэяў, якія паверылі ў Яго. Гэтыя словы Збаўцы — глыбокі заклік да праўды і свабоды, якія могуць быць знойдзены толькі праз веру і паслухмянасць Яго вучэнню. Езус кажа: «Калі вы застанецеся ў слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8, 31–32). Гэтыя словы — не проста заклік, але абяцанне, якое адкрывае шлях да сапраўднай свабоды і жыцця ў Божай ласцы вучняў Хрыста.

Быць вучнем Хрыста азначае пастаяннае знаходжанне ў Яго слове. Гэта не проста аднаразовая дзейнасць, але працэс, які ўключае чатыры асноўныя аспекты: слуханне, вучэнне, разуменне і выкананне Ягонага слова.

Пра аднаго прапаведніка казалі, што падчас казання ён час ад часу змаўкаў, нібы прыслухоўваючыся да чыйгосьці голасу. Гэта добры прыклад для кожнага хрысціяніна, бо быць вучнем — значыць усё сваё жыццё прыслухоўвацца да голасу Езуса. Хрысціянін не прымае ніякіх рашэнняў, перш чым пачуе, што кажа Ён. Слуханне — гэта першы крок да таго, каб стаць сапраўдным вучнем.

Само слова вучань (грэц. μαθητής) літаральна азначае «той, хто вучыцца», паходзіць ад грэцкага дзеяслова μανθάνω, што азначае «вучыцца» або «спазнаваць». Хрысціянін павінен усё сваё жыццё ўсё больш і больш спазнаваць Езуса. Той, хто не жадае спазнаваць і вучыцца, не можа быць вучнем. Вучэнне — гэта працэс, які ніколі не спыняецца, бо ніхто не можа сцвярджаць, што ён поўнасцю спазнаў Хрыста.

Ніхто не можа, прачытаўшы ці пачуўшы адзін раз словы Хрыста, сказаць, што ён поўнасцю зразумеў іх сэнс. Розніца паміж вялікай кнігай і кнігай аднадзёнкай заключаецца ў тым, што апошнюю мы прачытваем і адкладаем у бок, каб ужо ніколі больш не дакранацца да яе, а вялікую кнігу мы перачытваем па некалькі разоў. Так і са словам Езуса: знаходжанне ў Ім азначае пастаянна вывучаць і разважаць над тым, што Ён сказаў, паглыбляючы разуменне значэння Яго слоў.

Мы вывучаем Яго словы не як акадэмічны прадмет для вынясення абстрактнай ацэнкі, але для таго, каб даведацца, якіх канкрэтных учынкаў, якога спосабу жыцця і нашых паводзін Бог ад нас патрабуе. Вучань вучыцца, каб умець рабіць. Праўда, якую адкрыў Езус, прызначана для яе ажыццяўлення вучнямі і паслядоўнікамі Хрыста. Без выканання слова наша вера становіцца мёртвай, а працэс навучання — няпоўным.

Езус звяртаецца да тых, хто ўжо паверыў у Яго, але іх вера яшчэ павінна ўзмацніцца і глыбей укараніцца ў іх сэрцы. Ён паказвае, што праўдзівая вера — гэта не толькі прызнанне Яго існавання, але і жыццё ў адпаведнасці з Яго вучэннем. Праўда, пра якую гаворыць Езус, — гэта не абстрактная ідэя, а жывая рэальнасць, якая ператварае чалавека знутры. Яна вызваляе ад усяго, што трымае нас у няволі граху і страху і робіць свабоднымі.

Аднак слухачы Езуса не зразумелі глыбіні Яго слоў. Яны адказалі: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: Вы станеце свабоднымі?» (Ян 8, 33). Яны думалі пра фізічную няволю, але Езус гаворыць пра няволю духоўную — пра грэх, які рабіць чалавека нявольнікам. Ён тлумачыць: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху» (Ян 8, 34).

Грэх — гэта не проста парушэнне правіл, але стан, які аддзяляе чалавека ад Бога і робіць яго залежным ад зла. Чалавек, які грашыць, не жыве, як яму хочацца, ён жыве, як дыктуе яму грэх. Чалавек можа дазволіць звычцы і сваёй залежнасці настолькі заняволіць яго, што ніякая сіла не будзе здатнай вызваліць яго. Ён можа дазволіць захапіць яго граху ў такой ступені, што яму будзе здавацца, быццам ён не можа абысціся ўжо без яго. Ён можа ўпасці ў такі стан, што будзе ненавідзець і любіць свой грэх адначасова, стаўшы рабом сваіх грахоў, якія цалкам пануюць над ім. Вось гэта і ёсць сутнасць слоў Езуса: хто грашыць, не можа быць названы свабодным.

Езус паказвае, што вызваленне ад гэтай няволі магчыма толькі праз Яго: «А нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі» (Ян 8, 35–36). Тут Езус адкрывае сваю місію як Збаўцы, які прыйшоў, каб вызваліць чалавецтва ад рабства граху і вярнуць яму годнасць дзяцей Божых. Гэта не проста фізічная або палітычная свабода, але духоўная свабода, якая дазваляе чалавеку жыць у адпаведнасці з Божай воляй.

Слухачы Езуса сцвярджаюць, што яны — дзеці Абрагама, і таму ўжо маюць асаблівыя адносіны з Богам. Але Езус паказвае, што іх паходжанне ад Абрагама па крыві не дастаткова для выратавання. Ён кажа: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама» (Ян 8, 39). Абрагам быў вялікім прыкладам веры і паслухмянасці Богу, і калі б яны сапраўды былі яго нашчадкамі, яны б ішлі за Езусам, а не імкнуліся Яго забіць. Езус паказвае, што іх сапраўдны «айцец» — не Абрагам, а той, хто натхняе іх на злачынствы: «Вы робіце ўчынкі айца вашага» (Ян 8, 41).

Гэтыя словы выклікаюць абурэнне ў слухачоў, і яны адказваюць: «Мы не з распусты народжаныя; мы маем аднаго Айца — Бога» (Ян 8, 41). Але Езус паказвае, што калі б Бог быў іх Айцом, яны б прынялі Яго: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б і Мяне любілі. Бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне» (Ян 8, 42). Езус адкрывае, што Ён — не проста чалавек, але Сын Божы, які прыйшоў, каб выканаць волю Айца і выратаваць чалавецтва.

Гэты ўрывак Евангелля нагадвае нам, што праўдзівая вера патрабуе не толькі знешняга прызнання, але і ўнутранай перамены. Мы павінны прыняць Езуса як Збаўцу і дазволіць Яму вызваліць нас ад усяго, што трымае нас у няволі. Гэта значыць прызнаць свае грахі, звярнуцца да Бога з пакаяннем і жыць у адпаведнасці з Яго воляй. Няхай гэтыя словы натхняюць нас шукаць праўды ў Езусе і жыць у адпаведнасці з Яго вучэннем, каб мы маглі спазнаць сапраўдную свабоду і радасць жыцця ў Божай любові.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д–р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку