…і павялі Яго на ўкрыжаванне.
Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынейца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае: Месца чэрапа, далі Яму выпіць віна, змешанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Тыя, хто ўкрыжаваў Яго, падзялілі ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы, пільнавалі Яго там. І змясцілі над галавой Ягонай надпіс з віной Ягонай: Гэта Езус, Кароль Юдэйскі. Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні адбудоўваеш яе, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа. Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі насміхаліся і казалі: Іншых ратаваў, а самога сябе не можа ўратаваць. Ён – Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: Я – Сын Божы. Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.
Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай, усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: Элі, Элі, лема сабахтані? Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Ён кліча Іллю. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе ў воцат, насадзіў на трысціну і даў Яму піць. А другія казалі: Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго. А Езус зноў ускрыкнуў моцным голасам і сканаў.
І вось заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі. І выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, і ўвайшлі ў святы горад, і паказаліся многім.
А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: Сапраўды, гэта быў Сын Божы.
Крыж — (адзіны) шлях да славы ўваскрасення
Кульмінацыйным вобразам апошніх гадзін зямнога жыцця Езуса з’яўляецца крыж – сімвал, які стаў найбольш вымоўным знакам хрысціянскай веры. Прысутнасць крыжа ў нашым асяроддзі, дамах, нават на целе – не толькі вызнанне веры ў збаўчую моц Укрыжаванага Пана, але і напамін пра тое, што кожны вучань Езуса пакліканы ўзяць і несці свой крыж праз усё жыццё.
Яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства айцы Касцёла заўважылі сімвалічную форму крыжа: вертыкальная бэлька скіраваная ўвыш, у неба, нібы спалучаючы зямное і нябеснае, паказваючы шлях туды, дзе знаходзіцца Бог. Адначасова гарызантальнае плячо нібы абдымае ўсю паверхню зямлі, усю чалавечую гісторыю.
Перад адным з касцёлаў у Беларусі стаіць крыж, канцы гарызантальнай бэлькі якога закругленыя ў бок таго, хто стаіць перад ім, як знак «абдымкаў», прыняцця чалавека з усім, чым ён ёсць. Праз ахвяру Езуса на крыжы гэты жудасны інструмент смерці стаў месцам найвышэйшага акту любові, дзе ўсё тое, што робіць нас нягоднымі, было знішчана Божай міласэрнасцю, дзе Божы Сын узяў на сябе грэх усяго свету.
Калі мы хочам па-сапраўднаму быць Ягонымі вучнямі, калі хочам мець удзел у Ягонай хвале, і мы таксама пакліканы узяць свой крыж — не Ягоны, цяжар якога мог несці толькі Ён, а свой, які адпавядае нашым магчымасцям. Менавіта такім чынам Божая перспектыва становіцца нашай і замяшчае нашыя чалавечыя — надта чалавечыя — чаканні і жаданні.
Дзе мой крыж?
Што значыць для кожнага і кожнай з нас «узяць свой крыж», каб наследаваць Езуса? Адказ на гэтае пытанне будзе вельмі асабістым, бо ўсе мы знаходзімся ў розных жыццёвых абставінах. Для кагосьці гэта цяжкая сямейная сітуацыя, непаразуменне, насілле ці алкагалізм блізкіх, разбітыя сем’і, агрэсіўныя і несправядлівыя адносіны на месцы працы ці з суседзямі, цяжкае эканамічнае становішча… Гэта могуць быць і нашы ўласныя слабасці, наш грэх, ад якога не можам пазбавіцца, залежнасць, няўменне дараваць, прымірыцца і любіць па-сапраўднаму. У любым выпадку, крыж — не самамэта і не праклён, а наш спосаб быць падобнымі да нашага Пана з вераю, што несучы свой крыж, мы ідзем за Ім.
Слухаючы аповед пра Муку Езуса, сузіраючы Яго крыжовы шлях і апошнія гадзіны на гэтым інструменце смерці, нам варта сёння аднавіць усведамленне таго, што ёсць наш уласны, асабісты крыж у жыцці. Мы павінны баяцца не крыжа, а таго, што адмовімся ўзяць свой крыж, адвернемся ад яго.Варта шчыра задацца пытаннем: ці мая мэта ў жыцці — гэта «знайсці ўтульнае месцейка» і далей не высоўвацца, пастаянна адчуваць задавальненне, ігнаруючы патрэбы іншых, цярпенне і несправядлівасць навокал, ці маё імкненне — гэта быць па-сапраўднаму чалавекам, не хаваючыся ад выклікаў гэтага свету ў абставінах майго жыцця і ад таго высілку, які патрэбны, каб супрацьстаяць уласным слабасцям?..
Мы пакліканыя не імкнуцца любым коштам пазбегнуць болю і цярпення, бо яны ёсць у кожным жыцці, але, падобна Езусу, успрымаць цярпенне як частку нашага шляху і вучыцца ад нашага Пана той любові, якая пераўзыходзіць чалавечыя стандарты, бо сапраўды не шукае свайго. Гэта шлях Пасхі, шлях да зямлі абяцанай — да ўваскрасення разам з Езусам. Няхай наш Пан ласкай Духа Святога сёння ўмацуе нашыя крокі на гэтым шляху. Амэн.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
