Радыё, каляндар і цытаты святых: Топ-7 дадаткаў для каталіцкага смартфона

У нашы дні смартфон стаў неадменным спадарожнікам як свецкіх вернікаў, так і святароў, і кансэкраваных асобаў. На якія мабільныя дадаткі, карысныя католікам, варта звярнуць увагу?

  1. Каталіцкі малітоўнік

Адзін з найбольш шматфункцыянальных “каталіцкіх” дадаткаў. Тут сабраныя асноўныя малітвы і Літаніі, Літургія гадзінаў і агульны катэхізіс, парадак святой Імшы і інш.

Зручна карыстацца ім і пры падрыхтоўцы да святой Імшы, будучы за мяжой. Калі мова Імшы не зразумелая, у дадатку заўсёды можна знайсці чытанні з дня па-беларуску.

  1. Радыё Марыя Беларусь

Каб слухаць беларускае “Радыё Марыя” ў прамым эфіры, неабавязкова мець камп’ютар. Спампаваўшы дадатак на тэлефон, можна сачыць за праграмай эфіру і далучацца да малітвы разам з вядучымі і іншымі слухачамі.

Рэдакцыя практыкуе малітву Ружанца ў прамым эфіры, а таксама дае магчымасць званіць у студыю, каб задаваць пытанні гасцям. Яшчэ адзін плюс мабільнага дадатку гэта магчымасць пабачыць, песня якога выканаўцы іграе ў эфіры.

  1. Vatican Radio and News

Гэты мабільны дадатак зручны тым, што дае магчымасць абраць любую мову, на якой слухач хоча сачыць навінамі з Ватыкана і Апостальскай Сталіцы. Пазваніць у прамы эфір тут не атрымаецца, затое кожны дзень можна слухаць падкасты, якія рыхтуе беларуская рэдакцыя Vatican News.

Пры жаданні іх можна запампоўваць і слухаць афлайн.

Акрамя выпускаў навін тут прадстаўлена і літаратурная старонка. На працягу 10 хвілін штодня ў эфіры чытаюцца ўрыўкі з рамана Генрыка Сянкевіча Quo vadis у беларускім перакладзе кс. Пятра Татарыновіча. Тэксты чытае акцёр, рэжысёр і дыктар Беларускага радыё Алег Вінярскі.

  1. Musica Catolica Radios Catolicas

Памаліцца Ларэтанскую Літанію па-італьянску, або далучыцца да Ружанца, які моляцца католікі Мексікі, дае мабільны дадатак, які сабраў спасылкі на каталіцкія радыёстанцыі на розных мовах: італьянскай, англійскай, французскай і іспанскай.

Напрыклад, сярод іспанамоўных радыё прадстаўлена 81 спасылка, а сярод франкамоўных — 16 каталіцкіх радыёстанцый.

Асобна тут сабраныя спасылкі на Радыё Марыя ва ўсіх кутках свету. У дадатку ёсць нават «хрысціянскія гульні», а таксама разважанні да Крыжовага шляху і г.д. Адзіны мінус — рэклама.

  1. Liturgical calender 2018

Гэты мабільны дадатак можа быць карысны святарам і міністрантам. Тут можна спраўджваць колер арната, чытанні з дня і Евангелле, а таксама важнейшыя каталіцкія святы.

Дадатак на англійскай мове, вельмі просты ў карыстанні. На жаль, без магчымасці чытання літургічных тэкстаў.

  1. “Расписание святых Месс”

Для карыстальнікаў з Беларусі гэты дадатак можа быць карысным у першую чаргу таму, што ў ім пазначаныя святыя Імшы ў каталіцкіх парафіях па Беларусі.

У раскладзе паведамляецца пра дні тыдня і час, калі цэлебруецца св. Імша.

Дадаткова інфармацыю дадатак дае таксама пра св. Імшы ў касцёлах Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі, Румыніі, Малдовы, Латвіі, Эстоніі, Харватыі, Італіі, Германіі, Грэцыі, Турцыі, Святой Зямлі і г.д.

Бачна, аднак, што краіны Заходняй Еўропы ў дадатку прапрацаваны не да канца. Напрыклад, інфармацыі па Імшах у Францыі няма, па Імшах у Германіі — інфармацыя толькі пра поўдзень краіны.

  1. Faith Wallpapers

Гэты мабільны дадатак ідэальна падыйдзе для тых, хто любіць прыгожыя карцінкі з пабожным тэкстам. На любы густ тут можна знайсці і выбраць застаўкі для тэлефона з цытатамі Святога Пісання. Прыгожа і бясплатна.

Адзіны нюанс — цытаты на англійскай мове.

  1. Gregorian Chants

Дадатак для майстроў грыгарыянскага харалу ўладкаваны вельмі проста: пасля ўсталявання адкрываецца доступ да грыгарыянскіх спеваў, выкладзеных на youtube. Інакш кажучы, дадатак збірае грыгарыянскія спевы з youtube, якія ў сваю чаргу можна рэкамендаваць або перасылаць у месенджары і інш.

Catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі