Пробашч парафіі святога Валянціна пра святога, свята, валянцінкі і каханне

San-Valentino2У суботу, 14 лютага, каталіцкі свет адзначае дзень святога Валянціна – апекуна закаханых. Апошнім часам гэтае свята набыло вялікую папулярнасць і сярод прадстаўнікоў іншых канфесій і няверуючых, якія трацяць вялізныя сумы грошаў на кветкі, цукеркі, ружовыя валянцінкі і іншыя падарункі сваім каханым. Пры гэтым першапачатковы сэнс свята губляецца.

Пра тое, хто такі святы Валянцін, якім ён уяўляў каханне і як ставіцца з камерцыяналізацыяй свята карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO размаўляе з пробашчам адзінай у Беларусі каталіцкай парафіі святога Валянціна – айцом Андрэем Квяцінскім з ордэну капуцынаў.

IMG_3148

Айцец Андрэй Квяцінскі

— Хто такі святы Валянцін? Што пра яго вядома?

— Гэта біскуп, які жыў у трэцім стагоддзі. Існуе некалькі легендаў пра яго. Тая, што мне найбольш падабаецца і якой мне хочацца верыць, паведамляе, што ён быў біскупам Тэрні ў Італіі. І рымскі імператар выдаў загад, які забараняў маладым людзям жаніцца, каб яны маглі ўдзельнічаць ў шматлікіх вайсковых паходах. А святы Валянцін таемна ад цэзара ўсё ж такі людзей жаніў. І за гэта ён панёс мучаніцкую смерць, бо абараняў Евангелле любові. Знаходзячыся ў турме, святы Валянцін яшчэ ўчыніў некалькі цудаў. Напрыклад, ён ацаліў дачку аднаго з ахоўнікаў. Таксама ёсць сведчанні, што біскуп ацаляў хворых на эпілепсію. Наогул жа звестак пра яго вельмі мала.

— Як вы ставіцеся да камерцыяналізацыі дня святога Валянціна?

— Да камерцыяналізацыі я стаўлюся адмоўна, але сама ідэя таго, што святы Валянцін з’яўляецца заступнікам закаханых, а яго імя асацыюецца з каханнем, нядрэнная. І тое, што ён шлюбаваў закаханых, гэта знак таго, што Бог бласлаўляе любоў. Іншая справа, што ў нашы часы, асабліва пасля сэксуальнай рэвалюцыі, справа кахання была зведзена да ўзроўню ніжэйшых інстынктаў. І часта ёсць злоўжыванне паняццем кахання ў бок павышанага эратызму. І ўсе гэтыя сэрцы, якія паўсюль распаўсюджваюцца, ператвараюць каханне, груба кажучы, на папсу.

— А якім вы бачыце сапраўдны сэнс свята?

— Тое, чаму вучыў святы Валянцін, будучы біскупам, будучы ў першую чаргу хрысціянінам, — гэта тое, каб каханне паміж мужчынам і жанчынай адкрывалася праз прызму Евангелля, праз прызму той любові, якую Хрыстос мае да Царквы. Паводле хрысціянскага навучання, каханне паміж мужчынам і жанчынай з’яўляецца адлюстраваннем таго, як Хрыстос любіць Царкву. У апостала Паўла ёсць такі выраз: “Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву”. І на гэтыя хрысціянскія ідэі любові, кахання святы Валянцін і звяртае найбольшую ўвагу. У свеце ёсць вельмі шмат вобразаў таго, што такое любоў, што такое каханне, і святы Валянцін якраз хоча паказаць любоў такой, якой яе паказвае Хрыстос. Бо Валянцін – гэта ў першую чаргу хрысціянін. І ў такім разе гэтае каханне сапраўды з’яўляецца бяспечным, сапраўды плённым, бо вядзе чалавека да шчасця. Бо скрыўленыя вобразы кахання раней ці пазней прывядуць чалавека ў лепшым выпадку да расчаравання, а ў горшым – да бяды. Таму варта звярнуць увагу на тое, як пра каханне гаворыць Валянцін як хрысціянін, як біскуп.

— Як бы вы параілі святкаваць гэты дзень?

— Я думаю, варта ў гэты дзень са сваім каханым чалавекам, мужам ці жонкай – другой палоўкай – прыйсці ў касцёл. Для жанатых гэта добры момант нанова прызнацца ў каханні, каб яшчэ раз перад Богам, перад алтаром аднавіць абяцанні сужэнства, якія былі складзеныя ў дзень шлюбу. Абяцанні вернасці і адданасці.

— Ці былі такія выпадкі, каб людзі адмыслова прыязджалі на шлюб менавіта ў вашу парафію?

— Не, пакуль такіх выпадкаў не было. Наогул, нашая парафія малавядомая, кажучы па-сучаснаму, яна малараспіяраная ў гэтым кірунку. Але было б добра, калі б людзі пачалі прыязджаць. Тым не менш, апошнім часам у Смалявічах з’явілася традыцыя, што маладажоны едуць ускладаць кветкі не да Леніна, а да помніка святому Валянціну, які стаіць на тэрыторыі касцёла.

IMG_3193-900x600

Парафія св. Валянціна ў Смалявічах

У гэту суботу, у дзень святога Валянціна, увечары мы будзем маліцца за тых людзей, якія шукаюць сабе партнёра жыцця – жонку ці мужа. А ў нядзелю ўжо будзе асноўнае святкаванне. Адбудзецца ўрачыстая Імша. Будуць запрошаныя госці з іншых парафій, сябры парафіі. І пасля Імшы адбудзецца супольнае святкаванне за сталом. Будзе і невялікая забаўляльная праграма.

Гутарыла Надзея Гацак

для друку для друку