«Праз Марыю да Езуса». У Глыбокім легіянеры аднавілі прысягу на вернасць Найсвяцейшай Маці

22 сакавіка 2025 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся Ацыес — урачысты штогадовы сход легіянераў Марыі. «Acies» – аднаўленне прысягі на вернасць Дзеве Марыі, Каралевы Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і бласлаўленне на далейшую барацьбу супраць моцы зла.

Спатканне распачалося з гімна, пачатковых малітваў легіянераў і св. Ружанца. «Падобна, як Марыя сказала сваё Fiat, так і вы штодня кажаце Богу і Марыі «так»: мы будзем служыць, будзем несці Евангелле, мы будзем інструментам у руках Хрыста і Марыі», — падкрэсліў на самым пачатку св. Імшы кс. Іван Кароткін.

Падчас гаміліі святар звярнуў увагу на асаблівае заданне кожнага легіянера, а менавіта, служэнне на ўзор Марыі. «Быць легіянерам — гэта быць асаблівым шанавальнікам Божай Маці, быць воінам Марыі, а адначасова Яе сынам і дачкой.»

«Святы Людвік Марыя дэ Манфор сказаў: «Каб быць хрысціянінам, трэба быць расплаўленым Духам Святым і адлітым па форме Марыі». Хто хоча ісці за Хрыстом, хоча быць сапраўдным вучнем Езуса, то павінен прасіць Духа Святога, каб Ён нас растапіў, каб мы не былі цвёрдым матэрыялам, але тым, які можна фармаваць. Служыць у Духу Марыі і разам з Марыяй — гэта асноўны дэвіз кожнага легіянера, але датычыць кожнага хрысціяніна».

Пасля кожны легіянер падыходзіў да алтара і, паклаўшы руку на сцяг Легіёна, прамаўляў асабістае прысвячэнне на вернасць Каралеве Легіёну: «Я цалкам духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».

Марына Сінкевіч

для друку для друку