Працуючая мама кожную раніцу праводзіць Ружанец у … Instagram!

Ілюстрацыйнае фота

Яе мэта — выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і адначасова прыцягнуць 100 мільёнаў чалавек да малітвы разам з ёй. Наступным разам, калі вы будзеце шкадаваць пра небяспеку сацыяльных сетак, успомніце наступнае: на працягу шасці месяцаў кожную раніцу ў 6:45 200 чалавек моляцца на ружанцы ў прамым эфіры ў Instagram праз старонку @manyhailmarysatatime.

Кожны дзень Крысцін запрашае розных карыстальнікаў сацыяльнай сеткі памаліцца разам з ёй, пашыраючы сваю супольнасць і атрымліваючы больш падпісчыкаў, якія «моляцца». Многія ўдзельнікі публікуюць малітоўныя намеры, на якія іншыя адказваюць смайлікамі ў выглядзе сэрцаў і складзеных для малітвы рук. На працягу астатняй часткі дня яшчэ 1500-2000 чалавек паўтараюць гэтую малітву.

Мы спыталі Крысцін, ініцыятара гэтай малітоўнай ініцыятывы, маці сямі дзяцей, выканаўчага дырэктара і блогера One Hail Mary at Time, пра тое, як узнікла гэтая практыка і куды яна рухаецца.

— Як Вы адчулі сілу малітвы на Ружанцы ў сваім жыцці?

Мы пачалі маліцца на Ружанцы ўсёй сям’ёй сем гадоў таму, і гэта прынесла нам неверагодны спакой і аптымізм. Мы перажылі некалькі стрэсавых перыядаў, але ведалі, што Маці Божая клапоціцца пра нас — і яна насамрэч гэта рабіла. Былі часы, калі мы не маглі аплаціць іпатэку або не ведалі, як пражывём дзень, і яна заўсёды кіравала намі.

— Што для вас азначае Ружанец?

Ружанец — гэта як лесвіца да нябёсаў на зямлі. Пасля малітвы вы бачыце Бога ва ўсім. Гэта таксама стварае блізкасць і адзінства паміж намі, што, у сваю чаргу, стварае сапраўднасць і супольнасць. Гэта таксама дазваляе мне аддаць усе свае клопаты Богу.

— Як змянілася ваша жыццё з таго часу, як Вы пачалі штодзённа праводзіць Ружанец у Instagram?

Мае дні поўныя спакою і праходзяць значна больш раўнамерна. Калі я не малюся на Ружанцы, я заўважаю раніцамі, што я больш напружаная і трывожная. Супольнасць Instagram, якая моліцца з намі кожны дзень, таксама стала яшчэ адным блаславеннем. Усе любяць і падтрымліваюць адзін аднаго праз Ружанец.

— Гэта ўнікальны падыход да сацыяльных сетак. Дзе Вы бачыце яго будучыню?

Я эгаістычна хацела пачаць дзень з Ружанца, але мне было вельмі цяжка і часта я не малілася, альбо мае думкі блукалі без мэты, не засяроджваючыся на малітве. Мы ўжо стварылі больш за 50 розных віртуальных груп Ружанца, і я ведаю, што жывыя трансляцыі дапамаглі іншым, але я ніколі не рабіла жывы Ружанец у Instagram.

Я адчула штуршок ад Святога Духа падчас месяца Ружанца, у кастрычніку, і 11 кастрычніка я вырашыла паспрабаваць. З таго часу 200 чалавек з усяго свету штодня моляцца ў прамым эфіры. Мая місія — заахвочваць маліцца Ружанцам, з мэтай, каб маліліся 100 мільёнаў чалавек. Я планую выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, каб ушанаваць Маці Божую і яе вялікі дар для нас — Ружанец.

Няма сумненняў, што з сацыяльнымі сеткамі звязаная небяспека. Гэта можа забіраць наш час і ствараць непатрэбныя параўнанні і пачуццё непаўнавартасці. Але калі сацыяльны аспект выкарыстоўваецца як сродак пабудовы супольнасці, гэта можа быць сапраўды выдатнай рэччу.

pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку