Пра аўтарытэт і прабачэнне разважалі святары і кансэкраваныя асобы падчас пастырскай сустрэчы ў Расонах

Расоны — гэта гарадскі пасёлак, які налічвае каля 5 тысяч жыхароў. Тут існуе парафія пад тытулам св. Язафата Кунцэвіча. 18 верасня 2010 года адбылася кансэкрацыя новапабудаванага касцёла.

13 верасня 2017 года ўпершыню адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб у гэтай парафіі. Паўсотні святароў і  больш дзясятка законных сясцёр з Віцебскай дыяцэзіі — гэтай колькасці людзей хапіла, каб святыня стала цалкам запоўненай.

Сустрэча распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і асабістай адарацыяй у цішыні. Урачыстую св. Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч, які на самым пачатку прывітаў прысутных духоўных асоб, але і таксама двух новых святароў, якія распачалі працу ў Віцебскай дыяцэзіі: кс. Аляксей Ляшко, вікарыя парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску, і а. Вадзіма Мізера МІС, новапрызначанага пробашча парафіі св. Юзафа ў Оршы.

У казанні віцебскі ардынарый звярнуў увагу на аўтарытэт святара. “У духоўным сэнсе мы (святары) з’яўляемся сябрамі Езуса, а ў выкананні свайго паклікання павінны быць Яго слугамі”. У сучасным свеце многія з нас карыстаюцца аўтарытэтам тых святароў, якія працавалі раней. Але час ідзе, старэйшае пакаленне адыходзіць і тая памяць пройдзе. І цяпер абавязак і праца кожнага з вас – паказваць добры прыклад і ствараць аўтарытэт святара. Таксама іерарх працытаваў словы св. Яна Паўла ІІ з кнігі “Дар і таямніца” пра тое, што святар з’яўляецца толькі распарадчыкам, а не ўладальнікам Божых таямніцаў, якому галоўны ўладальнік давярае свае багацці, каб справядліва і адказна распараджацца.

“Просім ласкі заступніцтва святых Язафата Кунцэвіча і Яна Хрызастома, каб іх заступніцтва дапамагала нам памятаць аб адказнасці, якую ўзялі на сябе”, — на заканчэнне гаміліі заклікаў біскуп Алег.

Пасля Эўхарыстыі адбылася канферэнцыя, якую прамовіў айцец Станіслаў Памыкала. Езуіт закрануў тэму “Прабачэнне”. Святар асаблівым чынам звяртаў увагу сваіх сабратоў у святарстве на ўменне прабачаць. “Калі няма здаровых адносін з людзьмі і Богам, гэта значыць не ўмеем прабачыць людзям і Богу. А калі няма прабачэння – нічога не дапаможа”, — падкрэсліў святар.

На заканчэнне сустрэчы адбыліся аб’явы для парафій і асабіста для святароў. Біскуп Алег нагадаў, што распачаўся катэхетычны год і заклікаў усіх святароў, каб ва ўсіх парафіях па магчымасці адбываліся катэхезы не толькі для дзяцей, але і для дарослых.

Наступная сустрэча пройдзе 11 кастрычніка ў Удзеле.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі