Міністр адукацыі Барбара Новацка падпісала пастанову, якая ўносіць істотныя змены ў арганізацыю заняткаў па рэлігіі і этыцы ў дзяржаўных школах. Новыя правілы, якія ўступяць у сілу 1 верасня 2025 года, абмяжуюць штотыднёвую колькасць гадзін для гэтых заняткаў адной гадзінай у тыдзень.
Згодна з пастановай, урокі рэлігія і этыкі павінны праводзіцца на першым і апошнім уроку, што павінна палепшыць арганізацыю школьнага дня.
У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што змяненні накіраваны на ўніфікацыю падыходу да абодвух прадметаў і скарачэнне гадзін іх выкладання, што, як чакаецца, прынясе эканомію бюджэту. Дагэтуль у вучняў было дзве гадзіны рэлігіі на тыдзень, а колькасць заняткаў па этыцы вызначалася школай індывідуальна.
Новыя правілы прадугледжваюць, што ў выпадку арганізацыі заняткаў па рэлігіі па-за школай – напрыклад, у міжшкольных групах або катэхетычных пунктах – будуць дзейнічаць тыя ж правілы аб’яднання вучняў, што і ў школах. Такое ж рашэнне датычыцца і ўрокаў этыкі.
Таксама будзе абмежавана магчымасць стварэння міжкласных груп на ўроках рэлігіі і этыкі ў I–III класах пачатковай школы. Такія групы могуць стварацца толькі ў тым выпадку, калі ў дадзеным класе зарэгістравана менш за сем вучняў.
Міністар Барбара Новацка, паведамляючы пра падпісанне пастановы, падкрэсліла, што гэта было выкананнем перадвыбарчага абавязацельства. Як яна адзначыла ў сваім паведамленні на Platform X, скарачэнне колькасці гадзін рэлігійнай адукацыі ў школах з’яўляецца крокам да «здаровага сэнсу» і аднаўлення балансу ў навучальнай праграме. «Да гэтага часу ў моладзі было больш заняткаў па рэлігіі, чым па біялогіі, хіміі, фізіцы разам узятых. Гэта тое, што мяняецца», — напісала міністр.
Новая пастанова выклікае розныя эмоцыі. Прыхільнікі змяненняў указваюць на неабходнасць адаптацыі вучэбнай праграмы да рэальнасці, у якой маладым людзям патрэбны трывалыя веды па натуральных і грамадскіх прадметах. Праціўнікі асцерагаюцца, што абмежаванне колькасці гадзін рэлігіі можа негатыўна паўплываць на выхаванне каштоўнасцей.
Адно можна сказаць дакладна — з верасня 2025 года школьнікі і школы павінны будуць адаптавацца да новых правілаў. Як адаб’юцца змены на школьнай рэчаіснасці, пакажа час.
Паводле pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
