Аб’яднаныя камітэты па эканоміцы і развіццю, сацыяльнай палітыцы і сям’і будуць разглядаць праект левых адносна выхаднога дня на Вігілію Божага Нараджэння — паведамляецца на сайце Сейма. Ідэя зрабіць 24 снежня непрацоўным днём шырока абмяркоўваецца як прафсаюзамі, працадаўцамі, так і палітыкамі.
У праекце левых прапануецца ўстанавіць 24 снежня выхадным днём для ўсіх работнікаў, у тым ліку для работнікаў гандлёвых устаноў, для якіх у цяперашні час — у адпаведнасці з законам аб абмежаванні гандлю ў нядзелю і святочныя дні — 24 снежня з’яўляецца працоўным днём да 14 гадзін.
Першае чытанне праекта адбылося 8 лістапада. Тады Сейм пастанавіў накіраваць яго на далейшую працу ў двух камітэтах — па сацыяльнай палітыцы і сям’і і эканоміцы і развіцці.
Як адзначылі ў Міністэрстве, непрацоўны дзень 24 снежня магчымы ўжо сёлета — усё залежыць ад тэмпаў працы ў парламенце.
У абгрунтаванні праекту левых падкрэслівалася, што 24 снежня з’яўляецца важным днём для ўсіх супрацоўнікаў і іх сем’яў, якія праводзяць гэты час, сярод іншага, захоўваючы рэлігійныя традыцыі.
«Варта адзначыць, што па гэтай прычыне працадаўцы часта вырашаюць скараціць працоўны час да 12 або 13 гадзінаў, каб забяспечыць бяспечнае вяртанне супрацоўнікаў дадому, да сваіх блізкіх. Акрамя таго, варта адзначыць, што выхадны дзень будзе распаўсюджвацца на ўсіх супрацоўнікаў, у тым ліку на работнікаў гандлёвых устаноў, якія працуюць у гэты дзень да 14 гадзін», — пішуць аўтары праекта.
Прэзідэнт Анджэй Дуда таксама выказаўся за абвяшчэнне 24 снежня выходным днём.
Паводле deon.pl
пераклад Марыны Ткач