Пілігрымы з Навагрудка і іншых парафій з Беларусі аб’ядналіся ў малітве з Папам Львом XIV

У апошні дзень пілігрымкі паломнікі з Навагрудка і некаторых іншых парафій з Беларусі ў ружанцовай малітве аб’ядналіся з Папам Львом XIV і ўсім Касцёлам у інтэнцыі супакою ва ўсім свеце. Напярэдадні Святы Айцец асабіста заклікаў каталікоў з усяго свету далучыцца да гэтай духоўнай падзеі, каб папрасіць у Бога сапраўдную згоду паміж народамі. Пілігрымы, будучы ў дарозе, уключылі інтэрнэт-трансляцыю і адчулі сябе часткай чагосці значна большага — жывога Каталіцкага Касцёла, які пераўзыходзіць геаграфічныя межы.

Асновай для глыбокай малітвы сталі мудрыя і суцяшальныя словы Пантыфіка, прамоўленыя падчас гэтага набажэнства. Свой зварот да ўдзельнікаў Ружанца Святы Айцец распачаў са словаў Псальма: «Я буду слухаць, што скажа Усемагутны Бог: Ён прадвяшчае мір народу Свайму і выбраным Сваім, і тым, якія сэрцам да Яго навяртаюцца». Гэтая біблейская ісціна стала лейтматывам. Папа нагадаў вернікам пра іх пакліканне быць не назіральнікамі, а будаўнікамі міру.

«Бог шукае будаўнікоў свету», — падкрэсліў тады Пантыфік і растлумачыў, што мір — гэта не абстрактная тэорыя, не наіўная ілюзія і не пытанне карысці. Гэта дар Божы, які становіцца штодзённым заданнем кожнага. «Мір нараджаецца ў сэрцы, якое любіць», — дадаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што менавіта такая малітва, злучаная з клопатам пра бліжняга, становіцца сапраўднай місіяй: «Наша малітва становіцца місіяй і прароцтвам: нявінныя не павінны больш плакаць у нашых гарадах, ніхто не павінен быць вымушаны пакідаць дом з-за пагрозы бамбардзіровак, прагненне ўлады і славесны гвалт павінны саступіць месца імкненню да справядлівасці і праўды».

Вернікі навагрудскай парафіі Святога Арханёла Міхала спадзяюцца, што гэты невялікі, але важны досвед яднання вернікаў у малітве прынясе багатыя плёны міру і супакою для Беларусі і ўсяго свету.

кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку