Пілігрымы ў доме Марыі. Фацімская ўрачыстасць у Шуміліне

13 кастрычніка 2023 г. шумілінская святыня была напоўненая прысутнасцю вялікай колькасці пілігрымаў, якія прыйшлі, каб з любоўю, ушанаваць Маці Божую Фацімскую.

Ужо мінула 106 год з таго моманту, калі Марыя скіравала да дзяцей у Фаціме наступныя словы: “ Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы. Вайна скончыцца і жаўнеры хутка вернуцца да дому (…) Няхай людзі ўжо не абражаюць Бога грахамі, Ён і так ужо вельмі зняважаны”.

Вітаючы пілігрымаў айцец пробашч Анджэй Юхневіч ОМІ сказаў: “ Словы Маці Божай з Фацімы не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Прымаем яе запрашэнне і з яшчэ большай свядомасцю і руплівасцю малітвай Ружанцам просім Бога аб спыненні ўсіх войнаў і канфліктаў на свеце, асабліва ў суседняй Украіне і на Блізкім Усходзе”.

Для пілігрымаў, якія прыбылі ў Шуміліна, з розных мясцін Віцебскай дыяцэзіі і нашай Бацькаўшчыны, час праведзены ў доме Марыі, быў часам малітвы, навяртання і задумы над словамі Маці Божай.

Яго Эксцэленцыя, біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў Святую Літургію і разам з вернымі удзельнічаў у ружанцовай працэсіі вакол санктуарыя, прамовіў да прысутных Божае слова.

У сваёй гаміліі біскуп, прыпамінаючы значэнне аб’яўленняў у Фаціме, заахвоціў пілігрымаў да навяртання, руплівай малітвы і пакуце. Асаблівым чынам, Яго Эксцэленцыя, прыпомніў пра вартасць посту. Заахвоціў верных адкрыць значэнне і моц гэтай духоўнай практыкі.

Пасля малітвы айцец пробашч і шумілінскія парафіяне запрасілі усіх на супольную “Агапу”. Гэта быў добры час смачнай вячэры і будавання братэрскай супольнасці.

а. Павел Лемех ОМІ, тэкст
Іван Моніч, фота
для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі