Першы агульнабеларускі форум касцёльнага права пройдзе пад Мінскам

28 лістапада ўпершыню ў гісторыі адбудзецца Агульнабеларускі форум касцёльнага права — наступны лагічны крок у развіцці Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, паведамляе catholic.by.

Гэтая значная падзея прымеркавана да 40-годдзя з часу з’яўлення новай рэдакцыі Кодэкса Кананічнага Права, які быў абнародаваны Папам Янам Паўлам ІІ і ўступіў у сілу 27 лістапада 1983 года.

Агульнабеларускі прававы форум збярэ ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што ў Ляскоўцы пад Мінскам, іерархаў Каталіцкага Касцёла, экспертаў касцёльнага права і прадстаўнікоў духавенства з усіх дыяцэзій нашай краіны.

Форум скіраваны на абмеркаванне актуальных тэндэнцый у касцёльным праве і сучасных выклікаў, перад якімі стаіць Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце кананічнага права.

На форуме будзе прадстаўлена серыя рэфератаў экспертаў у галіне кананічнага права па актуальнай тэматыцы з жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Удзельнікі атрымаюць магчымасць прыняць удзел у дыскусіі па вызначаных тэмах: роля і ўплыў кананічнага права ў жыцці і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама ўзаемадзеянне паміж кананічным правам і дзяржаўным правам.

Форум касцёльнага права ўяўляе сабой унікальную пляцоўку для абмену ведамі і вопытам і дае магчымасць будаваць масты паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі, аптымізаваць супрацоўніцтва паміж рознымі ўстановамі Каталіцкага Касцёла і наладжваць супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі на розных узроўнях. Гэтая падзея азначае важны крок да больш глыбокага разумення і прыняцця кананічнага права ў беларускім грамадстве.

для друку для друку