4 чэрвеня 2024 года ў касцёле Найсвяцейшай Маці Божай Ласкавай у Задарожжы адбылося спатканне святароў-аднакурснікаў. 27 год таму 26 юнакоў-першакурснікаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі распачалі падарожжа да святарства, і вось цяпер ужо як пробашчы парафій, рэктар і выкладчыкі духоўнай семінарыі ці супрацоўнік дыяцэзіяльнай курыі, вырашаюць разнастайныя справы Касцёла ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
Адмысловай нагодай для сустрэчы менавіта ў Задарожжы стаў юбілейны 50-ы дзень нараджэння пробашча парафіі кс. Эдварда Нарадоўскага, які з’яўляецца адным са святароў з гэтай групы.
На пачатку Святой Эўхарыстыі юбіляр і гаспадар ужо на працягу апошніх 17 гадоў, прывітаў сваіх братоў-святароў, што служаць у розных дыяцэзіях Беларусі: Гродзенскай, Мінска-Магілёўскай, Пінскай і Віцебскай.
Сярод выпускнікоў гэтага курсу:
- Кс. канонік Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. Андрэй Рылка, канцлер Пінскай дыяцэзіі
- Кс. Андрэй Шут, кусташ санктуарыя Маці Божай Лагішынскай (Пінская дыяцэзія)
- Кс. Аляксандр Адамовіч, пробашч парафіі ў Начы (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. Яўген Барысюк, пробашч парафіі ў Верцялішках (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. канонік Павел Салабуда, выкладчык ВДС у Гродне і пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне Альшанка
- Кс. Юрый Кузьміч, пробашч парафіі ў Новым Двары, дэкан Шчучынскага дэканату (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. Юрый Ігнатовіч, пробашч парафіі ў Мастах Правых (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. Юрый Канапелька, пробашч парафіі ў Поразаве (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. канонік Антоній Казлоўскі, пробашч парафіі ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. Павел Шылак, пробашч парафіі ў Красным (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія)
- Кс. Юрый Церабей, пробашч парафіі ў Крэве (Гродзенская дыяцэзія)
- Кс. Андрэй Таўрук, пробашч парафіі ў Дунілавічах (Віцебская дыяэцзія)
- Кс. канонік Эдвард Нарадоўскі, пробашч парафіі ў Задарожжы (Віцебская дыяцэзія)
І яшчэ два святары з прычыны хваробы не змаглі прысутнічаць на сустрэчы, але малітоўна далучаліся:
- Кс. Аляксандр Раманоўскі, выкладчык ВДС у Гродне, пробашч парафіі Гродна Паўднёвы
- Кс. Віталій Вайцяхоўскі, рэктар ВДС у Гродне
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас гаміліі іерарх узгадаў папярэдняга пробашча ў Задарожжы – кс. Люцыяна Паўліка МІС. “У часы пераследу тут быў святар, быў слуга Божы, той, хто ў няпросты час абвяшчаў Божае слова. Праз яго рукі і сэрца Езус намашчаў, прабачаў, прымаў у свет праз хрост. І мы дзякуем Богу за прыклады вернасці святароў”.
Як адзначыў кс. Эдвард, узаемнае перажыванне і падтрымка ў радасцях і сумных хвілінах стала асаблівым дарам Божага Провіду менавіта для яго.
Ад імя аднакурснікаў словы віншавання для юбіляра скіраваў кс. Андрэй Рылка, а потым святары разам заспявалі “Plurimos annos”.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота