Перэгрынацыя рэліквій благаславёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка

4 чэрвеня ва ўрачыстасць Святой Тройцы парафію Святой Сям’і і Святога Юрыя ў вёсцы Барсукі наведалі сёстры з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта с.Філатэя Ціхановіч, с.Кляра Волчэк і с. Лаўра Шукеловіч з Гродна. Пробашч парафіі кс. Юрый Бараўнёў сардэчна прывітаў гасцей і ўзначаліў урачыстую святую Імшу.

Сястра Лаўра Шукеловіч пазнаёміла парафіян з гісторыяй жыцця сясцёр назарэтанак у Навагрудку і іх свядомай ахвярай свайго жыцця дзеля выратавання ад смерці 120 чалавек, арыштаваных фашыстамі і прысуджаных да расстрэлу. Таксама манахіні ахвяраваліся за ксяндза Аляксандра Зянкевіча, адзінага святара ва ўсёй акрузе.

1 жніўня 1943 г. 11 законніц з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка. Ахвяра сясцёр была прынятая Богам: усе, за каго сёстры склалі дар свайго жыцця, засталіся жыць. Гэта ахвяра стала дапаўненнем той любові да Бога і людзей, якую выказвалі назарэтанкі ў сваім штодзённым жыцці.

Езус Хрыстус сказаў, што няма большай любові за тую, калі хтосьці аддае сваё жыццё за іншага чалавека. Мучаніцы-назарэтанкі былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000г. Літургічны ўспамін благаславёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц адзначаецца 4 верасня.

Сёстры заахвоцілі маліцца за сем’і праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр назарэтанак. Гэта вельмі важна, бо сёння сем’і знаходзяцца ў небяспецы, перажываюць розныя крызісныя сітуацыі. Таксама вернікі ўзносяць да іх малітвы за святароў, паколькі перад расстрэлам манахіні маліліся за святара, які застаўся жывым. Ксёндз Юрый Бараўнёў напомніў, што менавіта 4 верасня ён стаў святаром.

Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце вернікі памаліліся Літаніяй да бл. Марыі Стэлы і 10 паплечніц — мучаніц з Навагрудка. Пасля прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак.

У гэты ж дзень сёстры назарэтанкі пабывалі ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы ў Порплішчы і ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Крулеўшчыне.

 

Алена Пажога, тэкст;

Леанід Юрык, фота.

для друку для друку