Парафіяльны фэст у гонар Маці Божай Фацімскай адбыўся ў Павяцці

13 мая ў Павяцці адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Фацімскай. На фэст сабраліся святары з бліжэйшых парафій і шматлікія вернікі. Ганаровым госцем ўрачыстасці стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў Эўхарыстыю.

Прыгожа аздобленая святыня чакала сваіх вернікаў ужо з раніцы, а яны, адклаўшы свае хатнія клопаты, сем’ямі спяшаліся на малітву. Літургія распачалася з урачыстага ўваходу святароў у храм. Затым пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч прывітаў усіх прысутных і звярнуўся да Яго Эксцэленцыі з просьбай узначаліць святую Імшу.

У прывітальным слове біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў: «Мы сабраліся сёння на супольнай малітве, каб праславіць Маці Божую, выпрасіць у Яе патрэбныя ласкі, а таксама памаліцца аб згодзе паміж народамі, за нашу краіну і нашыя сем’і». Словы іерарха дакладна падкрэслілі настрой прысутных. Дзеці, моладзь, людзі старэйшага пакалення шчырым сэрцам узносілі свае малітвы да Пана праз заступніцтва Багародзіцы.

Звяртаючыся з душпастырскай навукай да вернікаў Яго Эксцэленцыя ўзгадаў гісторыю Фацімскіх аб’яўленняў і адзначыў актуальнасць пасланняў Багародзіцы сёння. «Галоўная думка паслання — каштоўнасць і неабходнасць малітвы. Малітва — гэта як кропля вады, якая точыць камень. Наша малітва праз заступніцтва Маці Божай мае важную ролю ў нашым асабістым жыцці, у жыцці грамадства і ўсяго свету. Той чалавек, які шчыра моліцца і давярае Пану Богу, на ўзор Абрагама з’яўляецца праведнікам, які змяняе Божы гнеў на міласэрнасць. Таму сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае нас умацоўваць сваю веру, нягледзячы на розныя выпрабаванні. Заахвочвае быць добрым хрысціянінам і добрым чалавекам, прасіць у Бога ласку сапраўднай любові, прабачэння і дабразычлівасці ў нашых сэрцах. Такім чынам мы можам быць святлом для іншага чалавека, які, бачачы нашыя ўчынкі, пажадае быць падобным да нас.»

Далей іерарх заўважыў, што вельмі важна знаходзіць час на малітву, на асабістую размову з Богам, бо малітва можа зрабіць вялікія справы і вялікія цуды, нават змяніць жыццё чалавека. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем: «Няхай Маці Божая Фацімская, якая прысутнічае ў нашым жыцці, сваімі малітвамі выпрасіць для кожнага з нас патрэбныя ласкі і ахіне нас сваёй Мацярынскай апекай.»

На заканчэнне святочнай літургіі ўсе разам памаліліся Літанію да Маці Божай перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Затым адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла з фігурай Маці Божай Фацімскай.

Напрыканцы Ішмы пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч выказаў словы ўдзячнасці ўсім за ўдзел у Эўхарыстыі і падрыхтоўку ўрачыстасці. Святар узгадаў першага пробашча парафіі ксяндза Антонія Лося МІС, намаганнямі якога ў 2000 г. у Павяцці паўстала святыня ў гонар Маці Божай Фацімскай.

Словы ўдзячнасці ў бок парафіянаў выказаў таксама біскуп Юрый Касабуцкі, які цытуючы Папу Францішка падкрэсліў, што касцёл — гэта наш дом. «Цёплая, хатняя атмасфера адчуваецца ў вашай святыні. Сёння адбылося не проста парафіяльнае, а сямейнае свята. Зладжаныя спевы, прыгожа аздоблены храм і прыкасцёльная тэрыторыя толькі падцвярджаюць тое, што касцёл для вас з’яўляецца домам. Захоўвайце і падтрымлівайце традыцыі, каб у вашай святыні як мага даўжэй гучала Божае слова і шчырая малітва» —пажадаў іерарх.

Завяршылася ўрачыстасць асвячэннем рэлігійных рэчаў, якія вернікі набылі перад святой Імшой.

Жанна Закрэўская, Kascelmery.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі