Парафіяльнае свята адзначылі ў Чашніках

Касцёл у Чашніках носіць тытул Перамянення Пана. Хоць свята выпадае на 6 жніўня, але адпуст тут адзначылі 3 жніўня. 

Святкаванне пачалося са святой Імшы, якую канцэлебраваў кс. Аляксей Раманчук з Барысава разам з кс. Віталем Стрыгам з Крупак і кс. Мікалаем Ліпскім.

Напачатку Імшы мясцовы пробашч прывітаў святароў, вернікаў сваёй парафіі, а таксама тых, хто прыбыў на свята з іншых мясцін.

У гаміліі, якую прамовіў кс. Аляксей, святар паразважаў над значэннем Перамянення Пана ў нашым жыцці. А таксама узгадаў, што ў гэты дзень свой Дзень нараджэння адзначае і кс. Мікалай Ліпскі, таму для чашніцкай парафіі гэта можна лічыць двайным святам.

 

Пасля св. Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Дарэчы, прайшла яна па новай дарожцы, якую намаганнямі пробашча і вернікаў парафіі ўдалося зрабіць да свята.

Як заўсёды на фэстах у парафіях, дзе служыць ксёндз Мікалай, свята не абышлося ўласна Імшой і працэсіяй, вернікаў чакаў яшчэ святочны канцэрт. Дарэчы, праводзіўся ён не толькі для вернікаў парафіі, а для ўсіх гараджан і іншых гасцей.

Гледачоў сваімі талентамі парадавалі Лявон Вольскі з Паўлам Аракелянам, гурт “Рэха” з Андрусём Такіндангам, Аляксей Жбанаў, Сяржук Доўгушаў і калектыў Полацкага Дома культуры. Канцэрт трываў амаль тры гадзіны, але ніхто ад гэтага не стаміўся.

Напрыканцы імпрэзы кс. Мікалай Ліпскі падзякаваў і артыстам, і гледачам, і ўдзяліў бласлаўленне на развітанне.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі