Папа сустрэнецца з калектывам Сусветнай харчовай праграмы

Папа Леў XIV наведае рымскую сядзібу Сусветнай харчовай праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб сустрэцца з яе кіраўніцтвам, супрацоўнікамі і іх сем’ямі.

Прэфектура Папскага дому паведаміла, што Святы Айцец прыняў афіцыйнае запрашэнне выканаўчага дырэктара Сусветнай харчовай праграмы. У панядзелак, 22 чэрвеня 2026 года, Пантыфік накіруецца ў рымскую сядзібу гэтай міжнароднай структуры. Там ён сустрэнецца з удзельнікамі штогадовай сесіі Адміністрацыйнага савета. Асобны час Папа прысвяціць супрацоўнікам арганізацыі і членам іх сем’яў.

Харчовая праграма – найбуйнейшы ў свеце гуманітарны інстытут

Дзейнасць Харчовай праграмы засяроджана на некалькіх ключавых напрамках. Падчас бедстваў і канфліктаў арганізацыя забяспечвае неадкладнае рэагаванне праз дастаўку прадуктаў, выдзяленне грошай і спецыяльных ваўчараў. Асаблівая ўвага надаецца паўнавартаснаму харчаванню, што дазваляе змагацца з недаяданнем сярод дзяцей, цяжарных жанчын і маці, якія кормяць. Установа таксама выступае вядучым сусветным пастаўшчыком школьнага харчавання для падтрымкі адукацыі і дзіцячага развіцця. Яна дапамагае супольнасцям аднаўляць сродкі да існавання і мясцовую інфраструктуру, злучаючы тэрміновую дапамогу з перспектывамі ўстойлівага прагрэсу.

Прызнанне маштабных заслуг на карысць міру

За свае маштабныя намаганні ў барацьбе з голадам і прадухіленні яго выкарыстання ў якасці зброі падчас войнаў арганізацыя была адзначана высокай узнагародай. У 2020 годзе Сусветная харчовая праграма атрымала Нобелеўскую прэмію міру.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку