Папа прывітаў удзельнікаў анлайн-сустрэчы Тэзэ

Пантыфік прывітаў удзельнікаў 43-й еўрапейскай сустрэчы, арганізаванай экуменічнай Супольнасцю Тэзэ. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат адкрыцца на высокія ідэалы і крочыць па жыцці з надзеяй.

У сувязі з пандэміяй каронавіруса сёлета моладзевы форум праходзіць ў анлайн-фармаце. Ён распачаўся 27 снежня 2020 г. і будзе працягвацца да 1 студзеня 2021 г.

Святы Айцец скіраваў да ўдзельнікаў сустрэчы пасланне за подпісам свайго бліжэйшага супрацоўніка, кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна. Ён адзначыў крэатыўнасць моладзі, якая знайшла магчымасць сустрэцца нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы.

Папа пажадаў, каб у гэтыя дні супольнай малітвы маладыя людзі падтрымлівалі адзін аднаго ў веры і надзеі. “Ніхто не можа адолець жыццё ў самоце. […] Нам патрэбная супольнасць, якая нас падтрымае, дапаможа, у якой мы дапамагаем адзін аднаму глядзець у будучыню!”, — прыгадаў ён словы энцыклікі Fratelli tutti.

Папа Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат дазволіць прасякнуць сябе надзеяй, якая дапамагае “бачыць далей за ўласны камфорт, дробязныя гарантыі і выгоды, якія звужаюць далягляд, каб адкрыцца на вялікія ідэалы, якія робяць жыццё прыгажэйшым і годным”.

“На працягу гэтага году працягвайце развіваць культуру сустрэчы і братэрства і крочыць разам да гарызонту надзеі, адкрытага ўваскрасеннем Хрыста”, — закончыў пасланне Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку