Папа Францішак пра міграцыйную палітыку і святарства жанчын

Papa_FrancishakПерад бежанцамі нельга замыкаць сэрца. Кіраўнікі краінаў павінны кіравацца разважлівасцю, яны не могуць прымаць больш мігрантаў, чым змогуць інтэграваць, бо гэта прывядзе да “гетызацыі”, падкрэсліў Святы Айцец, размаўляючы з журналістамі 2 лістапада 2016 г. падчас зваротнага рэйсу з Мальмё ў Рым.

Першае пытанне тычылася міграцыйнай палітыкі Швецыі. Яна, пасля доўгага перыяду прыняцця мігрантаў, пачала зачыняць свае межы для іх. Францішак заўважыў, што ў часы вайсковых дыктатур у Лацінскай Амерыцы менавіта ў гэтай скандынаўскай краіне знайшлі прытулак шматлікія выхадцы адтуль. Акрамя таго, Швецыя не толькі прымае мігрантаў, але і належным чынам клапоціцца пра іх інтэграцыю, дадаў ён.

Папа нагадаў, што Еўропа ўзнікла ў выніку аб’яднання розных культур, таму не павінна мець страху перад чужынцамі. Ён падкрэсліў, што закрытасць не адпавядае гуманнаму падыходу, і заклікаў палітыкаў да разважалівасці ў гэтым пытанні: яны закліканы добра ўзважыць магчымасці дзяржавы па інтэграцыі мігрантаў, каб не ўзнікалі “гета”. Паводле Святога Айца, Швецыя паменшыла колькасць прыняцця мігрантаў не з-за эгаізму, але таму што не мае дастаткова магчымасцяў для ўпарадкавання жыцця такой вялікай колькасці людзей.

Іншае пытанне тычылася святарства жанчын у Каталіцкім Касцёле і ўзнікла ў сувязі з тым, што лютэранскімі біскупамі ў Стакгольме і Упсуле з’яўляюцца менавіта прадстаўніцы жаночага полу. Пантыфік спаслаўся на свайго папярэдніка – Яна Паўла ІІ, які сказаў “апошняе слова” па гэтай тэме, і яно “застанецца нязменным”. У той жа час, Францішак заўважыў, што многія рэчы жанчыны робяць лепш за мужчын. Ён нагадаў аб двух вымярэннях каталіцкай эклезіялогіі: пятровым і марыйным, прычым галоўным, паводле яго, з’яўляецца менавіта другое, на што ўказвае той факт, што і сам Касцёл разумецца як жанчына – Выбранніца Хрыста.

Адказваючы на пытанне пра моцную секулярызацыю ў Еўропе, Папа прызнаўся, што не лічыць гэту з’яву “фатальнай”. З аднаго боку, на яго думку, прычына секулярызацыі заключаецца ў паслабленні евангелізацыйнага запалу Касцёла, у “цёпласці” хрысціян. А з іншага, у культурых працэсах, у якіх чалавек сам імкнецца заняць месца Бога Творцы, стаць самадастатковым, перакрэсліць усе межы.

Святы Айцец распавёў пра свае планы прыняць удзел у святкаваннях 50-годдзя харызматычнага руху “Аднаўленне ў Святым Духу”, якія пройдуць у вігілію ўрачыстасці Спаслання Святога Духа ў 2017 г. у Рыме. Ён прызнаўся, што падчас служэння ў Буэнас-Айрэсе адносіўся з пэўнай асцярожнасцю да гэтага руху, але затым змяніў сваё меркаванне, ўбачыўшы колькі дабра ён прыносіць Касцёлу.

Адказваючы на пытанне пра магчымы візіт у Германію з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі, Пантыфік прызнаўся, што ў планах яго замежных пажарожжаў пакуль ёсць толькі дзве краіны: Індыя і Бангладэш.

Каментуючы нядаўнюю аўдыецыю для Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, Францішак адзначыў важнасць дыялогу ў гэтай лацінаамерыканскай краіне. Ён падкрэсліў, што калі б дыялог вёўся на Блізкім Усходзе, атрымалася б выратаваць мноства чалавечых жыццяў.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі