18 красавіка ў Рыме адбылася адмысловая сустрэча супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску са Святым Айцом Францішкам.
Сустрэча прайшла ў межах пілігрымкі гэтай фармацыйнай супольнасці з нагоды святкавання 80-й гадавіны кананізацыі св. Андрэя Баболі і сотай гадавіны біскупскага пасвячэння слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскага, заснавальніка семінарыі ў Пінску.
Семінарысты і святары-фарматары на чале з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам спачатку прынялі ўдзел у агульнай сустрэчы Святога Айца з вернікамі на плошчы святога Пятра. Пасля заканчэння агульнай аўдыенцыі адбылася спецыяльная і непасрэдная сустрэча з Пантыфікам. Вітаючы супольнасць навучэнцаў і фарматараў, Папа ўдзяліў апостальскае бласлаўленне семінарыі ў Пінску.
Біскуп Дзям’янка падзякаваў Святому Айцу за магчымасць сустрэчы і прадставіў яму прысутных святароў і семінарыстаў. Пантыфік заклікаў семінарыстаў памятаць пра яго ў малітвах. У сваю чаргу рэктар семінарыі ксёндз Андрэй Рылка запэўніў папу Францішка, што супольнасць семінарыі ў Пінску штодня моліцца за яго і дзякуе Богу за яго ахвярнае апостальскае служэнне.
Біскуп Антоні Дзям’янка разам з супольнасцю Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску выказвае асаблівую падзяку арцыбіскупу Георгу Генсвайну, прэфекту Папскага Дому, а таксама Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Габару Пінтэру за магчымасць сустрэчы са Святым Айцом Францішкам і атрыманне яго апостальскага благаслаўлення для семінарыі.
для друку